Грамадства44

«Натуральная спакуса — увапхнуць у сябе ўсё, пра што ў няволі заставалася толькі мроіць». Былы палітвязень Карней расказаў пра турэмны рацыён і як ад яго адыходзіць

Дастаткова чалавека вярнуць у прымальнае існаванне — не цяплічнае, а самае звычайнае — і арганізм сам кампенсуе страчаныя кандыцыі. Што лішні раз пацвярджае: знаходжанне ў ненармальных умовах засценкаў разбурае як фізічна, так і псіхічна. Таму, атрымаўшы дачасны бонус, найбольш хочацца, каб і іншыя калегі нарэшце вярнуліся да будзённасці без татальных абмежаванняў, піша ў фэйсбуку былы палітвязень, журналіст Ігар Карней.

Ігар Карней у турэмнай вопратцы адразу пасля вызвалення

Два гады таму я важыў 97 кг, на момант нечаканага выдварэння быў 79, а за тры тыдні рэабілітацыі спакойна вярнуў пяцёрку: пры росце 186 см цяпер гэта аптымальныя суадносіны, хоць падтрымліваць іх пры мностве спакусаў надзвычай складана. Канечне, здаравякі скідвалі шмат больш, аднак каб страціць 50-60 кг, як Бабарыка, Фядута, Ціханоўскі, у маім выпадку засталася б толькі светлая памяць.

Так ці інакш, фізіяномія акруглілася, прыхаваўшы завостраныя скулы, на хрыбет чапляецца мяса, усё больш заўважныя парасткі валасоў нівелююць непамерныя вушы, нават нажытая паміж нарамі скукожанасць крыху распрамілася.

Адсутнасць усялякага тлушчу пасля турмы можа пацешыць хіба самалюбства: па выніках медабследавання лёгкадумны штучны інтэлект аўтаматычна спісвае скуру ды косці на актыўныя заняткі спортам, не напружваючыся жанглюючы 15 гадамі метабалічнага ўзросту.

З усяго ланцужка дэвітамінізацыі прыборы зусім не зафіксавалі вітаміну D. Яно і не дзіўна: месяцамі ў ізалятары ня бачыш сонца, неба, ветру. Калі летась у сезон тонамі гнілі яблыкі, у памяшканні камернага тыпу да мяне не дакацілася ніводнае. Першая садавіна трапіла на стол пад канец восені, калі на гарнір пачалі даваць свежую звараную капусту. Іншы палажняк са словам «вітамін» не перакрыжоўваецца ні ў якім варыянце.

За пару гадоў паняцці памідор, агурок, радыска выветрываюцца з лексікону за непатрэбнасцю. Перадусім датычна «экстрэмістаў», апрыёры пазбаўленых харчовых пасылак/перадач ды абмежаваных мінімальнай сумай атаваркі. Медычная бандэроль — амаль нерэальны квэст.

Карная сістэма, асабліва ў Беларусі, працуе на тое, каб пазбавіць асуджанага самага элементарнага. У тым ліку па частцы ежы, чаму і выходзяць людзі з-за кратаў у масе сваёй зьнясіленыя. Трымаюцца збольшага на тэхнічных функцыях сечкі — загрузіць у «топку», каб не спыніўся механізм унутранага спальваньня.

Дарэчы, заракаўся, што пасля войска ніколі не дакрануся да апастылай пярлоўкі, але на строгім рэжыме сутыкнуўся з «выбуховай» навацыяй — мікст з гарохам. І давялося наступіць на горла ўласнаму гонару.

Зрэшты, важней не застацца без галоўнай зброі, лыжкі. Яна павінна быць заўсёды пры сэрцы, як аўтамат падчас бою. Забыўся — сядзі над місай галодны; хіба сямейнік падзеліцца сваім «вяслом» ці плюнеш на ўмоўнасці ды папрацуеш пальцамі.

Неяк абмяркоўвалі з заўгасам сталоўкі, чаму «боршч» незразумелага іржавага колеру, а звычайна вада нават не зафарбоўваецца, што само па сабе нонсэнс — паспрабуй адмыць бураковую пляміну ў хатніх умовах. Адказ прывёў у ступар: першай умовай любога тэндару на пастаўкі ў зону — таннасць. Прасцей кажучы, буракі — кармавыя, для каровак. Нібыта чырвоныя звонку, але якраз іржавыя ўнутры, у чым і давялося пераканацца падчас нарадаў (адно з тых абавязковых дзяжурстваў для «экстрэмістаў», дзе немагчыма адкупіцца цыгарэтамі).

Тое ж тычыцца і бульбы, не кожная паважаючая сябе свіння паквапіцца — суцэльныя рознакаляровыя метастазы, то-бок без аніякіх прыкметаў сорту, дзічка.

Бясспрэчным далікатэсам прынята лічыць смажаную путасу — хоць нейкая разнастайнасць у сціплым асартыменце зняволеных. Але той жа заўгас адбіў апетыт, калі пачаў пералічваць, чаго толькі падчас патрашэння не выцягвалі з гэтага «падальшчыка»! Як воўк — санітар лесу, так путасу падчышчае за ўсімі ў вадзе. Наогул галоўнымі спажыўцамі гэтай непераборлівай рыбкі (яшчэ і з замашкамі канібалізму) — зверагаспадаркі, заапаркі, цыркавыя гастралёры, ну і зэкі. І тое праўда: мы што, горшыя за андатру ці нутрыю?

Што да мяса, то ў алюмініевую місу яно ўмоўна даходзіць у выглядзе так званага «белага мядзведзя» — варанае сала квінтэсэнцыі напаўпразрыстага тлушчу. Адрозна ад пярловага гароху, нават стан устойлівага голаду не мог перасіліць агіду ад гэтай біямасы.

Апынуўшыся зноў у чалавечых умовах, натуральная спакуса — увапхнуць у сябе ўсё, пра што ў няволі заставалася толькі мроіць: здаравенны кавалак мяса, нармальную рыбіну, яечню са скваркамі, бліны самі па сабе, боршч чырвоны (!), салат з усяго са смятанай; клубніцы, чарэшню, родны яблык. І ўсё гэта адначасова запіць кефірам, таматным сокам, колай і півам. Галоднае вар’яцтва, якое ўрэшце хутка праходзіць, але няўжо ў ХХІ стагодздзі трэба даводзіць да такога здзеку?

Пры гэтым у літоўскай калоніі, дзе нядаўна ўдалося пабываць, у арыштантаў пры засяленні запытваюць адносна іх кулінарных прыярытэтаў! І жыць там цалкам можна палажняком, бо існуе меню, ёсць выбар страў! Пры гэтым бесперапынная гуманітарная сувязь з домам і яшчэ атаварка на 300-500 еўра, якія зэкі зарабляюць на промцы, тады як іх беларускія калегі радуюцца 2-3 рублям. Отака х…я, малята, як любіць падсумоўваць адзін сябра-вандроўнік.

Каментары4

  • Псих
    13.07.2025
    А многие дети не ели халвы!
  • Serge
    13.07.2025
    Аказываецца, што ГУЛАГ можна арганізаваць ня толькі ў РФ. Лука ў гэтым прафесіянал.
  • Таки да
    13.07.2025
    Все так, первое время пытаешься отожраться. Если есть чем, конечно.

Цяпер чытаюць

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі2

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі

Усе навіны →
Усе навіны

«Інтэрнэт у канкрэтнага абанента можа стаць яшчэ больш павольным». Каму дапамогуць штрафы за дрэнную сувязь?

Ютуб выдаліў канал Аляксея Талая7

У Літве расказалі, ці просяць ЗША вярнуць транзіт беларускіх угнаенняў праз Клайпеду2

Іван Краўцоў патлумачыў, у чым галоўнае адрозненне яго пазіцыі ад пазіцыі Офіса Ціханоўскай56

Лідар «Альтэрнатывы для Германіі» выступіў у абарону Пуціна і назваў Польшчу пагрозай для ФРГ20

Міністр замежных спраў Літвы назваў умову, калі Вільня можа адкрыць мяжу з Беларуссю11

Па стане на раніцу серады 14‑гадовага Максіма Зяньковіча не знайшлі. Якія асноўныя версіі знікнення1

Дыетолаг Ірына Яблонская (Кабасакал) расказала, як шматпакутна дабіралася з Канарскіх астравоў да Беларусі18

Як выглядае помнік на магіле Рамана Бандарэнкі ФОТАФАКТ16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі2

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць