Жыхары прыватнага дома ў Мінску незадаволеныя будаўніцтвам ЖК «Утульны». «Мінскбуд» пракаментаваў
У раёне вуліцы Падлеснай і Дачнага праезду разгарнулася будоўля шматкватэрнага дома ЖК «Утульны». Аднак задаволеныя гэтым працэсам не ўсе, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Жыхары дома па адрасе Дача, 1 незадаволеныя суседствам з будоўляй. Яны з 2023 года неаднаразова скардзіліся: спачатку — што іх не папярэдзілі пра пачатак работ, пасля — на пашкоджанне труб і дарогі, начны шум і нават на тое, што страла будаўнічага крана нібыта навісае над іх домам.
У «Мінскбудзе» на гэта паведамілі, што ўсе скаргі былі разгледжаныя, некаторыя нават расследаваныя, але аб’ектыўных падстаў для абвінавачанняў не знайшлі.
Напрыклад, жыхары скардзіліся, што ў сценах іх дома з-за будаўніцтва з'явіліся расколіны. «Мінскбуд», аднак, сцвярджае, што яны з’явіліся праз неякаснае аздабленне самога дома, а не з-за будаўніцтва побач. Да таго ж жыхары нібыта адмаўляліся дапусціць экспертаў у дом для абследавання.
Што да стралы крана, то ў «Мінскстроі» адзначылі: яе радыус не закранае дом, а сістэма бяспекі не дазваляе перамяшчаць груз за межы пляцоўкі.
Шумныя работы праводзяцца да 22:00, а вечарам — толькі тыя, што не парушаюць цішыню. Дарога да будоўлі праходзіць за 10 метраў ад дома і абгароджаная, што адпавядае нормам.
Што да вадаправода, то ён нібыта не быў пашкоджаны, а вось невялікі інцыдэнт з газаправодам у 2023 годзе сапраўды адбыўся, але яго хутка ліквідавалі.
У «Мінскбудзе» падкрэсліваюць: праект атрымаў усе неабходныя дазволы і прайшоў экспертызу. Большасць жыхароў раёна не выказвае прэтэнзій, а будаўніцтва — з’ява часовая і непазбежная для гарадскога жыцця.
Чытайце таксама:
Улады расказалі, што будзе рабіцца на месцы згарэлай царквы ў Сцяпанках
У Беларусі ўзмоцняць пакаранне за няправільна выкінутае смецце і няскошаны баршчэўнік
У элітным квартале ў цэнтры Мінска прапанавалі яшчэ партыю кватэр. Цана квадрата ўражвае