БЕЛ Ł РУС

Заслужаная артыстка Беларусі прызнавалася ў любові да Адэсы. А цяпер сыграла ў прапагандысцкім фільме «пра СВА»

4.08.2025 / 17:28

Nashaniva.com

Вера Кавалерава калісьці працавала ў Львове, жыла ў Адэсе і здымалася ва ўкраінскім кіно. А цяпер былую зорку мінскага ТЮГа занесла ў фільм, які прапагандуе вайну.

Вера Кавалерава. Фота: «Мінск-Навіны»

У Расіі завяршыліся здымкі карціны з патэтычнай назвай «Свінцовыя нябёсы». Аўтары называюць свой твор «поўнаметражным мастацкім фільмам пра СВА». Як сцвярджаецца, некаторыя сцэны здымалі ў зоне баявых дзеянняў — на акупаваных расіянамі тэрыторыях.

У кастынгу сярод нікому не вядомых маладых актораў вылучаюцца Z-спявак Дзяніс Майданаў, ваенкар Аляксандр Коц. І, нечакана, Вера Кавалерава — заслужаная артыстка Беларусі.

Актрысе цяпер 74 гады, больш за 40 з іх яна аддала мінскаму Тэатру юнага гледача. Там яна паступова стала адной з галоўных зорак. Кавалерава праславілася ў амплуа травесці, калі жанчына іграе ролі дзяцей і падлеткаў, а часам і мужчын. Быў у актрысы нават своеасаблівы рэкорд: у адным са спектакляў яна да 58 гадоў выконвала ролю пяцігадовай дзяўчынкі. Кавалераву хвалілі за характэрнасць казачных персанажаў, якіх яна іграла. З тэатра акторка пайшла ў жніўні мінулага года па стане здароўя.

У кіно Кавалерава здымалася з дзяцінства, яшчэ ў 14 гадоў яна дэбютавала ў эпізодзе ў дзіцячым фільме «Горад майстроў». Потым былі эпізадычныя і не вельмі ролі ў савецкіх, беларускіх, украінскіх і расійскіх фільмах і серыялах. У тым ліку ў камедыі «На спіне ў чорнага ката», дзе здымалася старэйшая ўнучка Лукашэнкі Вікторыя. 

Артыстку шмат што звязвала з Украінай. У 1980-я яна іграла ў тэатры ва Львове, здымалася на кіеўскай кінастудыі імя Даўжэнкі. Паехала Кавалерава і ва ўжо незалежную Украіну. У 2017-м яна грала ў серыяле «Здаецца домік ля мора» і прызнавалася ў любові да Адэсы.

«Адэса — гэта мая маладосць. Я не была ў гэтым горадзе 40 гадоў, і вось падчас здымак серыяла я зноў сюды вярнулася. Я вельмі люблю Адэсу і адэсітаў! І гэтая любоў перадалася і майму сыну, і ўнучцы», — расказвала актрыса ў інтэрв'ю ўкраінскім журналістам.

Праз восем гадоў былую актрысу львоўскага тэатра і прыхільніцу Адэсы занесла ў адзін фільм з людзьмі, якія ваююць супраць Украіны і бамбяць яе любімую Адэсу. Прычым узялі Кавалераву ў кіно без пробаў.

«Калісьці ў Мінску я наладжвала пробы для іншага фільма, куды прыйшла Вера Ільінічна. Я паглядзела на яе, мы проста паразмаўлялі і я яе ўхваліла. Яна ні слова не прамовіла з ролі але я зразумела, што яна зробіць усё, што мне трэба. На ролю ў «Свінцовыя нябёсы» я таксама ўзяла яе без пробаў. Проста папрасіла прывезці яе з Мінска. Яна — чараўніца!» — расказвала рэжысёрка і сцэнарыстка фільма Аліса Курганская. 

Вера Кавалерава (злева) на здымках фільма «Свінцовыя нябёсы». Фота: інстаграм mayvl.official

Сцэнарый гэтага кіно — рафінаваная і тапорная прапаганда. Паводле сюжэту, украінскія вайскоўцы (Курганская называе іх «укранацыстамі») замкнулі мірных жыхароў і расійскага палоннага ў праваслаўнай царкве. Іх хочуць выкарыстаць як жывую сцяну, каб завабіць расіян у кацёл. Але палонныя падымаюць бунт, зрываюць аперацыю, а сяло ў выніку захоплівае расійская армія.

Каго ў гэтым кіно іграе былая зорка мінскага ТЮГа, пакуль невядома. У трэйлеры Кавалераву не паказалі. Затое паказалі вельмі няякасную карцінку, акцёрскую ігру, ад якой хочацца плакаць, несувязны сюжэт. І злога ўкраінскага салдата, які пагражае героям у пакоі з надпісам «Героям слава!» на сцяне.

Фільм напалову спансіраваў расійскі Мінкульт. Другую палову грошай на постпрадакшн аўтары спрабуюць сабраць праз краўдфандынг. Атрымліваецца не вельмі: за паўгода сабралася толькі 13% ад патрэбнай сумы. Рэжысёрка, дарэчы, скардзілася, што такое кіно ў Расіі чамусьці ніхто не хоча фінансаваць.

«На жаль, вельмі многія людзі, у якіх ёсць усе магчымасці і якія пазіцыянуюць сябе як патрыёты, адмовіліся [дапамагаць грашыма]. <…> Не хочуць замацоўваць, дэманстраваць сваю пазіцыю шырокай публіцы. Цітры могуць убачыць усе.

Я і раней з такім сутыкалася, калі пісала да СВА сцэнарый для моладзевай аўдыторыі на патрыятычную тэму. Мне кажуць: «Гэта бізнэс, гэта не акупляецца, нас потым нікуды не пусцяць», — наракала Курганская.

Чытайце таксама:

Былы купалавец Харланчук жыве ў Расіі і здымаецца ў «патрыятычных» серыялах

Дзяржаўныя прапагандысты абвясцілі Бондараву «шкоднай змагаркай»

Вядучая «Марафону адзінства» ў падтрымку Лукашэнкі адпачывала ў Латвіі

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі

Каментары да артыкула