БЕЛ Ł РУС

Пракоп'еў і Лібер напісалі ліст да Макса Каржа

7.08.2025 / 10:14

Nashaniva.com

Пра што ў ім просяць?

Макс Корж

Грамадскі дзеяч і былы мінскі рэстаратар Вадзім Пракоп'еў выказаў ідэю, як аб'яднаць беларускую эміграцыю і сабраць сродкі на фінансаванне палітычных структур.

У эфіры «Еўрарадыё» ён казаў, што для збору сродкаў неабходны адпаведны інструмент. І ім, на погляд Пракоп'ева, можа стаць аплікацыя Svae, распрацаваная Паўлам Ліберам (былая платформа «Новая Беларусь»). Але яна «ніяк не можа раскачацца, запусціцца».

«Мы з Паўлам Ліберам распачалі яшчэ адну спробу. (…) Мы напісалі Максу Каржу. Мы прыдумалі ліст, і Павел Лібер ад сябе яго адправіў.

Усё, што мы просім ад музычнай каманды Макса Каржа, гэта тое, каб на стадыёне была магчымасць рэкламаваць гэту дыяспаральную аплікацыю з дапамогай QR-кода».

На погляд Пракоп'ева, з дапамогай аплікацыі Svae можна было б «захапіць дыяспару лічбавай гульнёй, нейкімі прыемнымі функцыямі, дактарамі».

«Гэта ж ужо паўкроку да вялікага дыяспаральнага краўдфандынгу», — даводзіць грамадскі дзеяч.

Вадзім Прако'еў

Пракоп'еў адзначае, што канцэрт Макса Каржа, які павінен адбыцца 9 жніўня ў Варшаве, — «вельмі неардынарная падзея».

«Я лічу, што Макс Корж абраў дату свайго канцэрта з намерам. Таму, нягледзячы на тое, што ён любіць пазіцыянаваць сябе па-за палітыкай і над сутычкай, (а гэтая аплікацыя, дарэчы, па-за палітыкай у Паўла Лібера, ва ўсякім разе, пакуль што зусім па-за палітыкай), я лічу, што Макс мог бы зрабіць і жэст у наш бок. Таму што ўявіце, што гэты перапоўнены стадыён становіцца падпісчыкамі лічбавай платформы такой своеасаблівай мета-Беларусі».

«Паглядзім, як адрэагуе Макс Корж. (…) Калі б Макс Корж падыграў Паўлу Ліберу, і Сяргей Ціханоўскі праехаўся па дыяспарах, то ў нейкі момант, я дапускаю, што можна было б усю справу зрушыць», — кажа Пракоп'еў.

Чытайце таксама:

Аплікацыя «Новая Беларусь» змяніла назву. Цяпер гэта платформа Svae

Праблемы з візамі на канцэрт Каржа ў Варшаве — беларусы атрымліваюць адмовы па незразумелых прычынах

Пракоп'еў: Знізьце ўзровень чаканняў. Я не бачу ніводнай аб'ектыўнай прычыны, каб наступала адліга

Пракоп'еў: Я таксама лічу, што Лукашэнка пасылае сігналы Захаду. У асноўным сярэднімі пальцамі абедзвюх рук

Каментары да артыкула