У Газе ад ізраільскага ўдару загінулі пяць супрацоўнікаў тэлеканала «Аль-Джазіра»
Падчас ізраільскага авіяўдару па медыцынскім комплексе «Аш-Шыфа» ў горадзе Газа загінулі пяць супрацоўнікаў тэлеканала «Аль-Джазіра» — вядомы журналіст Анас Джамаль аш-Шарыф, яго калега Махамед Курэйка і трое аператараў. Паводле сведчанняў медыкаў, атака прыйшлася па палатцы для журналістаў каля пашкоджанага корпуса бальніцы, піша Euronews.
Анас Джамаль аш-Шарыф
Ізраільская армія пацвердзіла, што мэтай быў аш-Шарыф, сцвярджаючы, што ён нібыта быў кіраўніком ячэйкі ХАМАС і кіраваў ракетнымі абстрэламі, маскіруючыся пад журналіста. Сам аш-Шарыф і «Аль-Джазіра» гэтыя абвінавачанні адхілялі. ЦАХАЛ апублікаваў дакументы, якія, паводле іх, звязваюць журналіста з ХАМАС.
Год таму ізраільскія ўлады ўжо выказвалі падобныя абвінавачанні супраць аш-Шарыфа і іншых супрацоўнікаў канала. Камітэт па абароне журналістаў нядаўна выказваў трывогу за яго бяспеку і называў атакі на аш-Шарыфа часткай кампаніі дыскрэдытацыі.
З пачатку вайны паміж Ізраілем і ХАМАС у кастрычніку 2023 года, паводле дадзеных Камітэта па абароне журналістаў, загінулі каля 186 прадстаўнікоў СМІ, што робіць гэты канфлікт адным з самых смяротных для журналістаў у апошні час.
Чытайце таксама:
У Тэль-Авіве дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі супраць працягу вайны і акупацыі Газы
Германія замарозіла экспарт зброі ў Ізраіль у адказ на планы акупаваць сектар Газа
Ізраільскія ўлады ўхвалілі план Нетаньяху па акупацыі горада Газа