У Беларусі вывелі першы ўласны сорт вінаграду для сухога віна
Беларускія навукоўцы стварылі свой уласны сорт вінаграду, прыдатны для вырабу сухога віна. Пра гэта расказаў дырэктар Інстытута садаводства НАН Беларусі Аляксандр Таранаў у рэпартажы тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Скрыншот з відэа
У рэпартажы Аляксандр Таранаў прадэманстраваў доследныя ўзоры вінаграду для тэхнічнай перапрацоўкі. Першы сорт пад працоўнай назвай «Ларэц», з якога ў будучыні могуць пачаць вырабляць беларускае сухое віно, ужо перададзены на дзяржаўнае сортавыпрабаванне.
Па словах Таранава, новы сорт добра праявіў сябе — паспяхова перанёс складаныя ўмовы надвор’я вясной 2025 года з майскімі замаразкамі, засведчыў устойлівасць да хвароб, а ўраджайнасць склала каля 2-3 кілаграмаў з куста ў беларускіх кліматычных умовах.
Адначасова спецыяліст адзначыў, што, аднак, беларускі вінаград не ва ўсіх рэгіёнах здолее дэманстраваць высокую ўраджайнасць і прамысловы патэнцыял. Найбольш перспектыўнымі для вырошчвання вінаграду, па яго словах, з’яўляюцца Брэсцкая і Гомельская вобласці.
Чытайце таксама:
У беларускія крамы завезлі ююбу. Што гэта такое?
Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная