Мінкульт дазволіў афармляць даведкі анлайн
Міністэрства культуры Беларусі дадало на Нацыянальны партал электронных паслуг «Е-Паслуга» пяць адміністрацыйных працэдур, якія цяпер можна афармляць анлайн.
Фота ілюстрацыйнае
Цяпер арганізацыі і спецыялісты, якія займаюцца рэстаўрацыяй, археалагічнымі раскопкамі або іншымі работамі на аб’ектах, якія ахоўваюцца дзяржавай, змогуць падаваць дакументы праз інтэрнэт, а не асабіста.
Новыя магчымасці тычацца атрымання і ўзгаднення такіх дазволаў:
- на навукова-даследчыя і праектныя работы з матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі;
- на рэстаўрацыю нерухомых каштоўнасцяў катэгорый «0», «1» і «2»;
- на рэстаўрацыю нерухомых каштоўнасцяў катэгорыі «3»;
- на земляныя, будаўнічыя і іншыя работы на помніках археалогіі;
- на рэстаўрацыю матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Як удакладняе Нацыянальны цэнтр электронных паслуг, для карыстання гэтымі працэдурамі патрэбныя электронны лічбавы подпіс або ID-карта.