На Брэстчыне замест аднаўлення касцёла ў маёнтку Ажэшкаў шукаюць тых, хто дапаможа пазбавіць яго ахоўнага статусу
Помнік барочнай архітэктуры ў вёсцы Язвіны Драгічынскага раёна дзесяцігоддзямі разбураўся без догляду. Цяпер чыноўнікі прыдумалі, як прыкрыць сваю безгаспадарлівасць.

Заяўку на падрыхтоўку заключэння на пазбаўленне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці руін касцёла Святога Духа ў Язвінах заўважыла на сайце дзяржаўных закупак выданне Katolik.life.
Паводле заяўкі, заключэнне павінна быць падрыхтавана не пазней за 11 жніўня 2025 года. Колькі мясцовыя ўлады плануюць заплаціць за такія паслугі, у заяўцы не паведамляецца.
Яшчэ ў верасні 2024 года Драгічынскі райвыканкам паведамляў пра намер «захаваць помнік архітэктуры», для гэтага неабходна было правядзенне кансервацыйных работ. Тады ж быў адкрыты спонсарскі рахунак для пералічэння сродкаў на кансервацыю гістарычнага помніка.
На сайце дзяржаўных закупак ёсць таксама заяўка за лістапад 2024 года на правядзенне тэхнічнага абследавання касцёла з мэтай далейшай кансервацыі аб'екта.
Відаць, кошт кансервацыйных работ касцёла, які вісіць на балансе мясцовага сельсавета, не задаволіў чыноўнікаў, і яны выбралі найпрасцейшы шлях: няма помніка — няма праблемы.
Касцельчык у маёнтку Арэшкаў
Пра гісторыю касцёла, дакладней касцельчыка, бо ён мае вельмі сціплыя памеры, вядома не так шмат — адзінае, у чым сходзяцца ўсе даведнікі, гэта дата пабудовы.
Касцёл у стылі барока быў пабудаваны ў 1750 годзе ў маёнтку Вінча, які ў XVIII стагоддзі належаў роду Арэшкаў (Ажэшкаў).
Невялікі храм атрымаў вельмі выразны барочны шчыт, які захаваўся дагэтуль. Уся пабудова накрыта стромкім двухсхільным дахам. Пластыку архітэктуры ўзбагачалі скругленыя вуглы будынка, лапаткі і нішы з ракавінамі на галоўным фасадзе. Будынак асветлены чатырма лучковымі вокнамі і круглым акном у апсідзе.

У XIX стагоддзі касцёл быў перароблены ў царкву. Пры перабудове касцёла ў праваслаўны храм пасярэдзіне вільчыка даху была зроблена цыбулепадобная галоўка на высокім васьмерыковым барабане.
Перабудаваны храм у Вінчы ў 1861 годзе замаляваў Напалеон Орда, які жыў непадалёк у Варацэвічах.
У 1919 годзе, з прыходам палякаў, храм быў вернуты католікам. Але ў савецкі час касцёл зачынілі, будынак не выкарыстоўваўся з 1960-х.
Помнік пад аховай, але без аховы
На фота 1980-х, калі касцёл быў унесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны пералік аб'ектаў, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы, — ён яшчэ быў з дахам, купалам і традыцыйным каваным крыжам над ім. У 2002 годзе касцёл быў перанесены ў новаствораны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
За без малога чатыры дзесяцігоддзі, мяркуючы па цяперашнім стане помніка, ад якога засталіся толькі сцены, мясцовыя ўлады, якія адказвалі за яго захаванне, не зрабілі нічога, каб прадухіліць разбурэнне.

Цяпер пазбегнуць адказнасці за дзесяцігоддзі сваёй безгаспадарнасці яны хочуць, пазбавіўшы касцёл статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пасля гэтага нічога не будзе ім замінаць нават знесці закінуты касцёл.
Ці можна пазбавіць помнік архітэктуры ахоўнага статусу?
Працэдура пазбаўлення аб'ектаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці прапісаная ў Кодэксе аб культуры, але, як звяртаюць увагу спецыялісты ў сферы аховы помнікаў, зрабіць гэта законна фактычна немагчыма.

Пазбавіць помнік статусу можна, калі ён быў знішчаны або страціў адметнасці, якія абумовілі яму наданне статусу. Але прапісана гэта так, што такое можна ажыццявіць толькі ў выпадку, калі немагчымае навуковае абгрунтаванае аднаўленне.
З падмуркаў былі адноўлены ратушы ў Мінску і Магілёве, шэраг барочных храмаў у Віцебску, па дробных дэталях старой гравюры адноўлены выгляд брамы Старога замку ў Гродне. Страчаныя элементы Любчанскага замку аднаўляюцца па інвентарных апісаннях — і ўсе яны маюць ахоўны статус — прызнаць, што навукова абгрунтаванае аднаўленне касцёла, які фізічна захаваўся, немагчымае, можна толькі з парушэннем закону.

Зрэшты, беларускія чыноўнікі так і робяць. Цяперашні спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, які да 2020 года быў супрацоўнікам упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, расказваў, як у часе падрыхтоўкі Брэста да юбілею знеслі гістарычны дом на вуліцы Будзённага.
Чыноўнікі Брэсцкага аблвыканкама абгрунтавалі, чаму помнік архітэктуры трэба выключыць са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў, хоць на тое не было ніякіх падстаў. Будынак быў пазбаўлены статусу і адразу ж знесены, каб пабудаваць пад'езд на паркоўку.
Пакуль што чыноўнікі не пазбаўляюць касцёл Святога Духа ахоўнага статусу, а толькі шукаюць таго, хто зможа аргументаваць іхняе жаданне. Рашэнне аб пазбаўленні статусу прымаецца Радай пры Мінкультуры.
Немагчыма ўявіць, каб у суседніх Літве ці Польшчы помнік барока XVIII стагоддзя быў пазбаўлены ахоўнага статусу толькі таму, што мясцовым чыноўнікам ён стварае клопаты і патрабуе шмат грошай, каб аднавіць тое, што было страчана за дзесяцігоддзі іхняй безгаспадарнасці. Прынамсі гэта выклікала б грандыёзны скандал. На жаль, у беларускіх рэаліях пазбавіць ахоўнага статусу касцёл Святога Духа пад Язвінавімі не замінае нічога.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары