БЕЛ Ł РУС

Зазулінская: Сродкаў на прыняцце 1300 палітвязняў можа не хапіць

16.08.2025 / 11:52

Nashaniva.com

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская пракаментавала падрыхтоўку да магчымага вызвалення палітзняволеных.

Вольга Зазулінская

Нагадаем, што ўчора Аляксандр Лукашэнка і Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы ўзнялі пытанне пра магчымае вызваленне 1300 палітвязняў. 

«Навіна пра магчымы выхад яшчэ 1300 палітзняволеных — гэта важная нагода ўжо сёння задумацца пра заўтра. Мы ўсе хацелі б, каб гэтыя людзі змаглі выйсці на свабоду і мелі сапраўдны выбар — застацца ў Беларусі або пакінуць краіну выключна па ўласным рашэнні, а не праз прымусовую дэпартацыю. Пры любым развіцці падзей мы павінны быць гатовыя прыняць любую колькасць беларусаў, нават калі гэта будзе 1300 чалавек адначасова. Заклікаем беларусаў за мяжой ужо цяпер рыхтавацца да такога сцэнарыя і аб’ядноўвацца, каб сустрэць гэтых людзей і падтрымаць іх» — зазначыла Вольга Зазулінская.

Але, падкрэсліла яна, нягледзячы на тое, што ў дэмакратычных сіл ёсць Міжнародны гуманітарны фонд, сродкаў у ім можа аказацца недастаткова для такой маштабнай дапамогі.

«У выпадку, калі гэта адбудзецца, мы абвесцім пра каналы камунікацыі для ўсіх, хто гатовы будзе далучыцца да гэтага кроку салідарнасці. Мы шмат разоў даказвалі сабе і ўсяму свету, што беларусы заўсёды падтрымаюць беларусаў. І я веру, што і на гэты раз мы здолеем справіцца разам», — адзначыла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета.

Паводле праваабарончай супольнасці, паводле звестак на раніцу суботы, у Беларусі 1185 палітвязняў.

Чытайце таксама:

Лукашэнка Трампу: Праца па вызваленні зняволеных не спыняецца

Ціханоўская: Вызваленыя мусяць мець магчымасць застацца ў Беларусі

Позна ўвечары Лукашэнка паразмаўляў яшчэ і з Джонам Коўлам. Імаверна, гаворка ішла пра ўмовы і тэрміны вызвалення палітвязняў

Каментары да артыкула