БЕЛ Ł РУС

«Белджы» адмовіўся ад ідэі серыйнага выпуску першага беларускага электрамабіля

18.08.2025 / 16:17

Nashaniva.com

Завод «БелДжы» у Барысаве, дзе выпускаюць аўтамабілі Geely і Belgee, адмовіўся ад серыйнай вытворчасці мадэлі BELGEE EX50, якую называлі «першым беларускім электрамабілем». Гендырэктар прадпрыемства Генадзь Свідзерскі растлумачыў, што запуск гэтай мадэлі занадта дарагі для Беларусі.

Фота: av.by

Па словах Генадзя Свідзерскага, хоць распрацоўшчыкі і завяршылі ўсе тэхнічныя работы, эканамічны аналіз засведчыў, што серыйны выпуск гэтай мадэлі ў нашых умовах не мэтазгодны. Замест гэтага завод плануе пашырыць лінейку электракарам і гібрыдам. У Беларусі, лічыць кіраўніцтва завода, будуць больш запатрабаваныя недарагія электракары, а ў Расіі — гібрыдныя мадэлі.

У якасці альтэрнатывы прадпрыемства рыхтуе да запуску гібрыдны красовер BELGEE X80, створаны на базе Geely Galaxy Starship 7. Сертыфікацыю плануюць завяршыць ужо ў пачатку верасня, але кошт мадэлі пакуль не называюць.

Яшчэ адной навінкай стане электрамадэль Geely E22H (у Кітаі яна вядомая як Geely Geome Star Wish). У Беларусі яе будуць збіраць буйнымі вузламі, а продажы павінны пачацца ў кастрычніку. У Кітаі такія машыны летась каштавалі ад 9900 долараў, але на беларускім другасным рынку цэны цяпер перавышаюць 17 тысяч.

Раней Свідзерскі адзначаў, што беларусы змогуць убачыць першы «свой» электрамабіль не раней за 2027 год. Да гэтага часу «БелДжы» сабраў толькі пяць эксперыментальных узораў BELGEE EX50.

Чытайце таксама:

Прэзентавалі першы беларускі электрамабіль. Колькі каштуе?

Колькі будзе каштаваць першы беларускі электрамабіль

Дырэктар завода «БелДжы» расказаў, колькі аўто яны прадаюць у Расію

«БелДжы» ў наступным годзе пачне выпускаць метанавыя аўтамабілі

Каментары да артыкула