БЕЛ Ł РУС

У Жлобіне заўважылі, што з комінаў БМЗ рэдка ідзе дым

19.08.2025 / 17:57

Nashaniva.com

Нязвыклую карціну сталі назіраць жыхары Жлобіна: з комінаў Беларускага металургічнага завода перастаў пастаянна ісці дым, як гэта было раней. Цяпер завод дыміць толькі час ад часу. Гэта азначае, што печы перыядычна выключаюць, піша «Флагшток».

Скрыншот відэа ў тыктоку

Відэа з непрацуючым заводам падзяліліся чытачы з рэсурсам «Свободный Жлобин».

Тлумачэнне ж прычыны адсутнасці дыму «Флагшток» знайшоў у каментарах у сацсетках:

«Цяпер дымоў няма, таму што печкі па чарзе працуюць. Няма той загрузкі працы як гэта было раней. Вось і дыму не відаць»;

«Дым ёсць толькі падчас загрузкі»;

«Завод змену працуе, тры стаіць».

Карыстальнікі таксама адзначылі, што дым бачны па вечарах, часам — раніцай. У астатні час вытворчасць прастойвае.

Нікай афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. У канцы ліпеня на БМЗ сцвярджалі, што па выніках першага паўгоддзя завод спрацаваў з прыбыткам. Пра гэта заяўляў намеснік генеральнага дырэктара Сяргей Цярлецкі на сустрэчы з калектывам аднаго з падраздзяленняў прадпрыемства.

Паводле яго Цярлецкага, «па выніках паўгоддзя завод захаваў баланс, паказаўшы прыбытковую працу, мы працягваем ісці наперад». Таксама ён адзначыў, што «задача — захоўваць устойлівасць пры любой турбулентнасці і заставацца канкурэнтаздольнымі».

Як не раз паведамлялася, праблемная сітуацыя склалася на заводзе праз падзенне вытворчасці. Увесну работнікаў некаторых цэхаў сталі адпраўляць у адпачынкі за свой кошт, а ў жніўні зрушылі тэрміны выдачы заробкаў.

Чытайце таксама:

Работнікі жлобінскай фабрыкі «Белфа» абураныя рашэннем аб яе закрыцці

На БМЗ работнікаў некаторых цэхаў сталі адпраўляць у адпачынкі за свой кошт

BELPOL раскрыў схемы, як Беларусь зарабляе на вытворчасці дэталяў для расійскіх снарадаў

У Жлобіне спецназ затрымаў трох чалавек за ўдзел у пратэстах

Каментары да артыкула