Жанчына пашкадавала каня ў парку «Сула» і пачала кампанію ў яго абарону. Ёй адказалі
У сацсетцы Threads разгарэліся спрэчкі пасля відэа, дзе наведвальніца гістарычнага парку «Сула» пад Стоўбцамі абурылася выкарыстаннем у парку ў якасці забавы конкі з запрэжаным канём. Ёй адказалі і каментатары, і адміністрацыя парку, піша Tochka.by.
Жанчына сцвярджала, што нібыта адна і тая ж жывёліна цэлы дзень цягае цяжкі вагончык з людзьмі без перапынку і назвала гэта жорсткім абыходжаннем. Жанчына заклікала распаўсюджваць яе відэа, каб прыцягнуць увагу зоаабаронцаў.
Публікацыя сабрала каля 500 каментароў і меркаванні адносна яе падзяліліся. Адныя падтрымалі аўтарку і патрабавалі спыніць эксплуатацыю коней, іншыя ж адзначалі, што насамрэч у «Суле» вельмі добра абыходзяцца з жывёламі: іх рэгулярна мяняюць, яны маюць выгул, харчаванне і ветэрынарны нагляд.
Некаторыя карыстальнікі падкрэслілі, што конка — гэта гістарычны від транспарту, і ягоная дэманстрацыя з’яўляецца часткай атмасферы парку.
Журналісты Tochka.by звярнуліся па каментар у адміністрацыю «Сулы». Там заявілі, што ўсе жывёлы ўтрымліваюцца ў парку ў вельмі добрых умовах:
- у штаце ёсць ветэрынар і конюх;
- коні маюць збалансаванае харчаванне, пастаянны доступ да вады і адпачынку;
- пасля некалькіх гадзін працы жывёліну адпраўляюць на выгул у поле;
- конка працуе толькі 2—3 дні на тыдзень і каля пяці месяцаў на год, у залежнасці ад надвор’я.
Таксама ў парку падкрэслілі, што канструкцыя пуцей зроблена так, каб вагончык каціўся накатам, таму каню не трэба прыкладаць вялікіх высілкаў.
Гэтыя коні жывуць у «Суле» ўжо шмат гадоў, і іх ніколі не мянялі — што таксама, на думку адміністрацыі, сведчыць пра добрае стаўленне да жывёл.
Пасля шырокага абмеркавання праблемы ў СМІ і сацсетках аўтарка відэа апублікавала новы пост з прабачэннямі. Яна прызналася, што сама ніколі не была ў парку, а свой папярэдні запіс зрабіла, абапіраючыся на чужыя словы. Жанчына напісала, што яе выказванне было неабдуманым, яна ўжо выдаліла публікацыю і не мае прэтэнзій да парку гісторыі «Сула».
Чытайце таксама:
«Самае прыгожае свята лета». Турысты расказалі, як з'ездзілі на Купалле ў Сулу