Беларускія блогеры-мільённікі, з якімі змагаецца Бондарава, далі канцэрт у акупаваным Крыме
Дзім Дзімыч і Анджаліша, якім Вольга Бондарава раней крыху сапсавала летні тур, выклалі відэа выступленняў у Крыме.
Скрыншот відэа ў тыктоку
Прадзюсіруе Дзім Дзімыча (Дзмітрый Сіўчык) і Анджалішу (Ангеліна Міхалёва) «Флагман М'юзік» — кампанія, якая цесна звязана з нявесткай Лукашэнкі Ганнай Сялук. Блогераў, дарэчы, прыцягнулі і да прапаганды — яны спяваюць песні ў падтрымку Лукашэнкі, носяць яго мерч і выступалі на «Марафоне адзінства».
Прарасійская актывістка Вольга Бондарава ж абвінавачвае маладых выканаўцаў у прапагандзе ЛГБТ, гвалту і наркотыкаў. Сёлета яна хвалілася, што пракуратура Краснадарскага краю Расіі забараніла тур Дзім Дзімыча, Улькі Пулькі і Анджалішы па поўдні Расіі (былі запланаваныя канцэрты ў Анапе, Геленджыку, Лазараўскім і Сочы).
Учора Дзім Дзімыч пахваліўся ў інстаграме, што даў канцэрт у акупаваным Расіяй Крыме — у парку «Экстрым Крым» у вёсцы Аленеўка. Распавёў, што паспеў яшчэ і крыху адпачыць. Анджаліша таксама выступала на адной сцэне з ім.
Што тычыцца яшчэ адной ранейшай актыўнай удзельніцы такіх тураў блогераў — Улькі Пулькі, — яна праз канфлікт сышла з «Флагман М'юзік». Дзяўчына нават страціла магчымасць выступіць на «Славянскім базары», хаця яе імя было на афішы. Усе свае старонкі ў сацыяльных сетках блогерка пакінула ва ўласнасці музычнай кампаніі. Толькі на YouTube-канале Ульяна мела больш за 3 мільёны падпісчыкаў.
Цяпер спрабуе пачаць усё з нуля ўжо пад сваім рэальным прозвішчам — Ульяна Сталярова. Піярыць блогерку будзе расійская кампанія «ДНК-м'юзік».
Чытайце таксама:
Вядучая АНТ Наталля Немагай адпачыла ў акупаваным Крыме ФОТЫ
Міс Беларусь Элеанора Качалоўская хваліцца адпачынкам у акупаваным Крыме ФОТЫ
Першы сакратар БРСМ пахваліўся адпачынкам у зруйнаваным Марыупалі