«Савушкаў» выпусціў сыркі «Дубай», а цяпер здымае іх з продажу
Брэсцкая кампанія «Савушкаў» паведаміла пра адкліканне з крамаў партыі глазураваных сыркоў «Дубай», якія нядаўна з’явіліся на рынку, піша Office Life.
Фота: Office Life
Прычына — праблемы з рэцэптурай: шакаладная глазура з дадаткам традыцыйнага ўсходняга цеста катаіфі атрымалася вельмі ломкай. Пры працяглым захоўванні цеста пачынае «набухаць», з-за чаго глазура трэскаецца і абсыпаецца.
Па словах вытворцы, пры гэтым смак і якасць інгрэдыентаў застаюцца добрымі, але знешні выгляд сыркоў кепскі. Каб не расчароўваць пакупнікоў, кампанія прыняла рашэнне зняць апошнюю партыю з гандлю і адкрыта расказаць пра сітуацыю.
«Савушкаў» падкрэслівае, што праца над навінкай вялася доўга: было выпрабавана шмат узораў, каб стварыць унікальны прадукт, падобны да дубайскага шакаладу, але пры гэтым выкарыстаць толькі якасныя натуральныя кампаненты. Асаблівую цяжкасць выклікала спроба «падружыць» шакалад і хрумсткае цеста катаіфі, захаваўшы яго тэкстуру.
Нягледзячы на тое, што пакупнікі добра ўспрынялі новы сырок, праз некалькі тыдняў пасля запуску высветлілася, што пры захоўванні ўзнікаюць дэфекты глазуры. Гэта і стала прычынай часовага адклікання прадукту.
У кампаніі запэўніваюць, што рэцэптуру дапрацуюць у найбліжэйшыя тыдні: смак і склад застануцца, але глазура стане больш устойлівай. Пасля дадатковых праверак якасці абноўленыя сыркі «Дубай» зноў вернуцца ў продаж.
Чытайце таксама:
Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай
«Сделано в Белоруссии». Сацсеткі ўзбудзіліся ад сыру загадкавага паходжання
«Гэта называецца «адпіска». «Савушкаў» адказаў на скаргу адносна паўпустых упаковак
«Савушкаў прадукт» трапіў пад хвалю крытыкі за паўпустыя ўпакоўкі
«Як з пластыліну». Беларуска паскардзілася на смятану ад «Савушкавага»