«Савушкаў прадукт» трапіў пад хвалю крытыкі за паўпустыя ўпакоўкі
Беларус паскардзіўся ў TikTok на недавагу тварожнай пасты ад «Савушкавага прадукту». Вытворца папрасіў прабачэння, але аказалася, што гэта далёка не адзінкавы выпадак, піша выданне BGmedia.

19 красавіка ў тыктоку з'явілася відэа, дзе гродзенец скардзіцца на недавагу тварожнай пасты «Апеці пламбір» ад «Савушкавага прадукту». У кадры — паўпустая ўпакоўка, а на вагах — усяго 76 грамаў пры заяўленых 100.
Аўтар сцвярджае: «Адкрылі — засумняваліся. Праверылі запячатаную — там і ўвогуле 66 грам».
«Савушкаў прадукт» падманвае насельніцтва», — паскардзіўся аўтар роліка.
Відэа хутка разляцелася па сацсетках і выклікала бурную рэакцыю. Аднак ужо праз тры дні мужчына паведаміў: вытворца адрэагаваў і даслаў цэлую скрынку ўзбітага тварагу.
«Гэта быў тэхнічны збой. Кампанія прынесла прабачэнні», — паведаміў аўтар новага відэа.
Карыстальнікі тыктоку адрэагавалі на «прабачэнні» ад вытворцы па-рознаму. Хтосьці пахваліў кампанію за хуткую рэакцыю і гатоўнасць прызнаць памылку, іншыя ж успрынялі «кампенсацыю» з іроніяй.
«Выплакаў скрынку тварагу».
«Калі прыжмурылі — тады падарылі».
«Шчодры падарунак, хоць бы не збанкрутавалі».
«Малайцы, калі ўмеюць прызнаваць памылкі — гэта вялікага варта».
«Малайцы, што прызналі. Толькі ці прыбралі гэтую партыю з прылаўкаў?»
Але, відаць, «тэхнічны збой» на вытворчасці ў «Савушкавага прадукту» — справа звыклая, таму што зусім нядаўна ў тыктоку з'явілася аналагічнае відэа. Гэтым разам — ад беларускі, якая таксама выявіла недавагу ў тварагу з трускаўкай. І, па яе словах, гэта адбываецца ўжо не першы раз.
«Вельмі люблю прадукцыю гэтага брэнда, але цяпер гэта ўсё выходзіць за рамкі майго разумення, тут няма нават паловы слоічка. Заяўленая вага — 120 грамаў, а сапраўдная — 96 грамаў, — абураецца аўтарка роліка. — Паважаны «Савушкаў прадукт», не турбуйцеся вы за нашы фігуры. Падавайце, калі ласка, тую колькасць прадукту, якая заяўленая. А колькі нам з'есці — мы самі вырашым».
У каментарах пад відэа пачалі ўсплываць падобныя выпадкі.
«Я так сыр тварожны купіла, нават ім на сайт пісала з дадаваннем усіх фота. Проста праігнаравалі і ўсё! Так непрыемна стала. І гэта не першы выпадак такі».
«Учора так купілі, усе чатыры ўпакоўкі былі не поўныя!!! Больш не будзем купляць… Дарма выкінутыя грошы».
«Савушкаў» зярнёны тварог учора адкрыла, запоўнены на дзве траціны. Я часта яго купляла, таму адразу розніцу заўважыла».
«Капец, я думала што я адна гэта заўважыла, але думала, што здалося, але выходзіць, што і праўда, не дакладваюць((( Мой шок у шоку».
«Гэта ўжо не ўпершыню. Я нават тэлефанавала на прадпрыемства, але нічога не змянілася».
Некаторыя карыстальнікі заступіліся за брэнд, нагадваючы, што збоі на вытворчасці здараюцца ва ўсіх, а кожную ўпакоўку ўручную не праверыш.
«Тут этыкетка нават з'ехала, мабыць, нейкі касяк у гэтай партыі быў».
«Упершыню такое бачу. Мне здаецца, у іх збой на вытворчасці».
«Я таксама купляю прадукцыю «Савушкаў» і мне заўсёды трапляюцца поўныя».
«Гэта вельмі рэдкая сітуацыя. Упакоўкі ўручную ніхто не напаўняе. У тэхнікі таксама бываюць збоі, як і ўсюды. Кожную ўпакоўку не ўзважыш. У цэлым выдатныя ёгурты, тваражкі».
Аднак іншыя задаюцца пытаннем: дзе кантроль якасці?
«Пішуць людзі: касякі вытворчасці. Але ёсць кантроль ці як?»
«Як з пластыліну». Беларуска паскардзілася на смятану ад «Савушкавага»
З паліц крамаў знік папулярны тварог ад «Савушкавага»
«Колькі палітвязняў вызваліў Машэнскі?!» Пятрухін біўся супраць усёй Каардынацыйнай рады, але перамогу так і не здабыў
Халезін: Машэнскі — таленавіты бізнэсмен, за кошт гэтага жыве цэлы рэгіён
«Савушкаў прадукт» аб'явіў пра рэбрэндынг
Каментары