БЕЛ Ł РУС

У Кальварыйскім касцёле ў Мінску вісіць укрыжаванне Хрыста, якое належала вялікаму князю Ягайлу?

9.09.2025 / 8:0

Ф. Раўбіч

Лічылася, што скульптура цудатворная і звязаная з асобай караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава Ягайлы.

«Пан Езус Ягелонскі» з Плябані ў брашуры 1939 года і сёння ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа на мінскай Кальварыі. Фота: фэйсбук Станіслава Чавуса. 

Пра незвычайную мастацтвазнаўчую знаходку расказаў у фэйсбуку Станіслаў Чавус, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. 

Некалі ў вёсцы Краснае Сяло, таксама вядомай як Плябань (цяпер Маладзечанскі раён), у мясцовым касцёле знаходзілася вялікая фігура ўкрыжаванага Хрыста, што была вядомая як «Пан Езус Ягелонскі», ці, паводле мясцовасці, «Пан Езус Краснасельскі».

Скульптура шанавалася як цудатворная. Менавіта для яе размяшчэння ў сярэдзіне XIX стагоддзя, пры пабудове новага касцёла на месцы папярэдняга, была ўзведзена асобная капліца. Сёння касцёл аднаўляецца як праваслаўная царква.

Касцёл у вёсцы Плябань Маладзечанскага раёна ў 1920-я гады. Прыбудова справа — капліца, узведзеная спецыяльна, каб размясціць цудатворнае ўкрыжаванне. Фота: Wikimedia Commons

«А ў 1939 годзе ў Вільні была выдадзена брашура, якая змяшчае старую песню пра цудоўнае ўкрыжаванне, малітву і легенду аб яго паходжанні.

Згодна з легендай, з’яўленне фігуры Хрыста ў Плябані (Красным Сяле) звязана, як вы, напэўна ж, здагадаліся, з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Уладзіславам Ягайлам і паходзіць яна ажно з XV стагоддзя.

На вокладцы маецца фотаздымак укрыжавання, якое і сёння можна пабачыць у Мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі. Праўда, здаецца, ніхто пра гэта і не ведае», — піша Чавус.

Адчынены ў 1980-я гады касцёл Узвіжання Святога Крыжа на мінскай Кальварыі. Фота: catholic.by

«Ягелонскі Хрыстос» прызямліўся ў Мінску, на думку даследчыка, невыпадкова, бо пасля адкрыцця Кальварыйскага касцёла для вернікаў у 1980 годзе яго першым пробашчам стаў ксёндз Ян Адамовіч з вёскі Краснае, што ўсяго за тры кіламетры ад Плябані. 

Чытайце таксама:

Разбурэнне стэрэатыпаў. Навукоўцы высветлілі, што шэдэўр беларускай скульптуры паходзіць з крайняга ўсходу Беларусі

У Будславе разбіраюць унікальны алтар з ілюзорнай перспектывай, якой падманвалі гледача найвялікшыя дойліды Рыма

Планы па рэканструкцыі касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску памянялі не ў лепшы бок

На мінскіх Кальварыйскіх могілках збіраюцца аднавіць пахавальні і рэканструяваць касцёл

У Аколіцы пад Мінскам адшукалі магілу настаўніка Янкі Купалы

Каментары да артыкула