На праваслаўных могілках каля касцёла Святога Мацвея ў Аколіцы Мінскага раёна выпадкова адшукалі магілу настаўніка Янкі Купалы Мікалая Турчановіча, піша тэлеграм-канал «Спадчына».

Мікалай Фёдаравіч Турчановіч быў настаўнікам маладога Івана Луцэвіча ў Бяларуцкім народным вучылішчы, даўшы яму першую афіцыйную пуцёўку ў жыццё.
Каменны абеліск надмагілля хоць і павалены са свайго пастамента, але сама магіла дагледжаная і ўпрыгожаная кветкамі.

На надмагіллі па-руску выразана:
«Здесь покоится народный учитель Николай Фёдорович Турчанович. Умер 8 апреля 1911 г. на 62 году жизни. Память жены и детей».

Надмагілле хоць і ляжыць на праваслаўных могілках, але размешчанае яно перад вядомым псеўдагатычным касцёлам Святога Мацвея, дзе цяпер дзейнічае Музей беларускага народнага мастацтва. Прычына такой дзіўнай сітуацыі ў тым, што мураваны касцёл быў скончаны толькі ў 1862 годзе, а ўжо пасля паўстання 1863 года быў адабраны і пасля перароблены пад царкву, якая дзейнічала да 1920-х гадоў. Каталіцкія могілкі існавалі на іншым канцы вёскі і за савецкім часам сталі агульнымі.
Купала і Турчановіч
Вандроўнае жыццё перашкаджала маладому Івану атрымаць сістэматычную адукацыю. З 1895 да 1904 года сям'я Луцэвічаў жыла ў засценку Селішча, на зямлі, арандаванай у памешчыцы Манюшкі. У Селішчы Купала пераканаў свайго бацьку, каб той паслаў яго вучыцца ў народнае вучылішча ў Бяларучах.
Іван быў ужо пераросткам. З восені, пакуль была дарога, Ясь кожны дзень хадзіў з Селішча ў Бяларучы, якія знаходзіліся за якіх восем кіламетраў, а як пачалася зіма ды пазаносіла дарогу, бацька прывёз хлопца ў інтэрнат.
Абодва класы вучылішча вучыліся ў адным памяшканні — у вялізнай, на чатыры акны, сялянскай хаце. Ясь звычайна першы выконваў сваё заданне і ўключаўся ў заняткі настаўніка з другім класам. Адказваў ён заўсёды першы, з ходу, доўга не думаючы, але правільна.

Мікалай Турчановіч ведаў замежныя мовы і меў багатую на той час бібліятэку, якой, як сцвярджаюць сведкі, дазваляў карыстацца Івану.
Праз які месяц настаўнік Турчановіч перасадзіў хлопца ў другі клас. Такім чынам будучы паэт скончыў вучылішча, можна сказаць экстэрнам, у 1898 годзе.
Працяг дынастыі
Мікалай Турчановіч скончыў настаўніцкі інстытут у Нежыне на Палтаўшчыне. Настаўнічаць пачаў на Беларусі, у мястэчку Ракаў. Вандраваў Мікалай Турчановіч са школы ў школу. Пасля Ракава пераехаў у Бяларучы, дзе было народнае вучылішча, потым у вёску Дуброва.
Усяго ў сям'і Турчановіча было чатыры дачкі і адзін сын. Яшчэ ў час жыцця ў Ракаве, у 1885 годзе нарадзілася малодшая дачка Таццяна. Старэйшыя дочкі павыходзілі замуж за багатых гаспадароў, а Таццяна пайшла па шляху бацькі. Яна скончыла педагагічныя курсы пры Мінскай духоўнай семінарыі і працавала настаўніцай пачатковых класаў у Раўбічах.

У суседняй вёсцы Дуброва настаўнічаў Міхась Юрэвіч, малодшы сын у сям'і, якому выпадала ісці ў адыход і які выбраў сабе настаўніцтва. Неўзабаве Таццяна і Міхась пажаніліся.
У 1916 годзе ў сям'і нарадзіўся сын Уладзімір Юрэвіч, які стаў вядомым літаратурным крытыкам і літаратуразнаўцам. У 1930-я гады Уладзімір пасябраваў з Янкам Купалам, пакінуўшы пра яго ўспаміны, артыкулы пра жыццё і творчасць і нават склаў некалькі зборнікаў ягоных твораў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары