БЕЛ Ł РУС

Ала Пугачова высока адазвалася пра Джахара Дудаева. Кадыраў бушуе

16.09.2025 / 9:50

Nashaniva.com

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў назваў Алу Пугачову ворагам і здраднікам і сказаў «не правакаваць» чачэнцаў. Так ён адрэагаваў на інтэрв'ю, у якім спявачка найлепшымі словамі згадала лідара чачэнскіх незалежнікаў Джахара Дудаева.

Ала Пугачова. Скрын відэа: skazhigordeevoy / YouTube

«Пра тое, які быў Дудаеў і якую карысць ён прынёс, найперш трэба было б спытаць саміх чачэнцаў. Яго генеральскія амбіцыі, пазёрства і наплявацельскае стаўленне да сапраўдных праблем чачэнскага народа прывялі да рэзкага росту бандытызму і поўнага фінансавага заняпаду», — заявіў Кадыраў.

Ён сказаў таксама, што «такія ворагі народа і здраднікі, як Пугачова», не павінны «бязглузда разважаць наконт самага цяжкага перыяду для чачэнскага народа».

Вялікае інтэрв'ю Алы Пугачовай журналістцы Кацярыне Гардзеевай на ютубе выйшла 10 верасня.

«Асабліва мне запомнілася Першая чачэнская, таму што я ведала Джахара Дудаева. Ён настолькі быў прыстойны, інтэлігентны чалавек, прыгожы чалавек. А жонка якая! Мастачка, пісьменніца, палітык… Яна тэлефанавала мне, думала, быццам я нечым магу дапамагчы. А чым я магла дапамагчы? Нічым. Мне зараз нават сорамна ёй прывет перадаць. Ала Фёдараўна, калі раптам убачыце гэтае інтэрв'ю, я прашу прабачэння, што не змагла нічога зрабіць для таго, каб Джахар быў жывы», — сказала Пугачова.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, на Аллу Пугачову таксама праз словы пра Дудаева пададзены пазоў на 1,5 мільярда расійскіх рублёў (каля 18 млн даляраў). Ініцыятарам стаў адвакат і пастаянны ўдзельнік федэральных тэлешоу Аляксандр Трэшчаў. На гэты момант суд яшчэ не прыняў пазоў да разгляду.

Джахар Дудаеў быў лідарам руху за незалежнасць Чачні ў 1990-х гадах і першым прэзідэнтам Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. У красавіку 1996 года ён загінуў у выніку ракетнага ўдару з боку Расіі.

Алла Пугачова пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пакінула краіну. Інтэрв’ю з Гардзеевай, дзе яна выказалася пра Дудаева, стала яе першай вялікай размовай з журналістамі з пачатку вайны.

Чытайце таксама:

Пугачова расказала, як з’язджала з Расіі і хто з Адміністрацыі Пуціна з ёй гаварыў

«Запомні: 2027-мы» — Ала Пугачова прадказвае перамены

«Як я цябе магла адпусціць у гэты жахлівы бой?» Ала Пугачова выпусціла дзве песні пра вайну

Каментары да артыкула