Свет88

«Запомні: 2027-мы» — Ала Пугачова прадказвае перамены

У новым інтэрв'ю расійская спявачка расказала, як расчаравалася ў Пуціне, пра свае таемныя прыезды у Расію, прадчуванне будучыні, планы на дом у вёсцы Гразь і размовы з дзецьмі.

Ала Пугачова. Скрын відэа: skazhigordeevoy / YouTube

«Я доўга думала, «але ж Пуцін не дурны чалавек». Я ж яго ведаю. Я галасавала. Я была ў такім захапленні. Думаю, ну вось, нарэшце. Па-першае, ён гаварыў надзвычай правільныя рэчы. Нават пра Украіну. (…) Увогуле ўсё тое, што я думала, ён гэта гаварыў. Гэта проста кумір. Думаю: «Які чалавек», — шчыра прызнаецца Ала Пугачова ў інтэрв'ю Кацярыне Гардзеевай. 

Пераломным момантам, па словах спявачкі, стала трагедыя з падводнай лодкай «Курск»:

«Вельмі мяне пахіснула, неяк я напружылася, калі «Курск» патануў. Я думала, зараз прыбяжыць, думаю, ой, бедны, зараз яму трэба з Сочы бегчы, усіх суцяшаць. А ён не прыехаў».

Але, як прызнаецца Ала Барысаўна, яна да апошняга яшчэ сумнявалася ў тым, які Пуцін на самой справе чалавек. І толькі яго выказванне ў інтэрв'ю Дзмітрыю Кісялёву 13 сакавіка 2024 года канчаткова яе ўпэўніла:

«Я, дарэчы, вось прыслухоўваюся да прэзідэнта. У нечым яшчэ сумнявалася я. Па розных жыццёвых пытаннях. І раптам чую — кажа прэзідэнт: «Патрэбны людзі… Такі чалавек, які сыты, п'яны і нос у тытуню. Ці нават у какаіне. А з разумнымі складаней. З тымі прасцей. А з гэтымі складаней. Яны могуць уплываць на меркаванне. Нам такія не патрэбныя».

«І ў мяне камень з сэрца зваліўся», — прызнаецца яна.

Пугачова сцвярджае, што ў яе ёсць «чуйка» наконт будучых падзей. На пытанне, што будзе далей, яна адказала загадкава:

«Я даўно жыву, і калі вось гэта надыходзіць, я гэта адчуваю. Не буду тлумачыць як. Я ведаю, што будзе далей, але не маю права казаць. Давай дажывём да 2027 года. Запомні — 2027 год».

Пра Расію, Украіну і людзей

Гаворачы пра Расію, Пугачова адзначае, што лічыць яе вялікай краінай, якой не хапае адной важнай рысы. «Вялікая дзяржава, якой, праўда, адзінага не хапае — гэта велікадушнасці. Вялікая дзяржава — гэта велікадушнасць. Тады гэта вялікая дзяржава», — лічыць яна.

Яна таксама выказалася пра вайну ва Украіне, параўнаўшы жаданне незалежнасці з жаданнем жыць у асобнай кватэры:

«Як на пальцах растлумачыць, што некаторыя людзі не хочуць жыць у камуналцы. Хочуць асобныя кватэры. Гэта разумеецца. А калі кажуць, што незалежнасці хочуць, то гэта значыць «усё, не!».

«Ну, гэта ж брат твой!» — даводзіць Пугачова і прыводзіць у якасці прыкладу свае адносіны з братам:

«У мяне брат таксама незалежны быў. Хацеў незалежнасці. Калі ласка. Дапамагала яму ва ўсім. Хоць невыносна было проста. Прыходзіў, страляў у столь. Ён нешта быў зусім хворы, вядома, чалавек. Нічога. І дзецям я дапамагла. Так павінны людзі паступаць. Яны павінны перш за ўсё размаўляць. Гандляваць. Яны павінны ўсміхацца. Яны павінны думаць пра будучыню, і не толькі пра сваіх дзяцей».

Пра дом у вёсцы і таемныя прыезды ў Расію

Па словах спявачкі, думкі пра магчымую канфіскацыю яе з Максімам Галкіным дома ў вёсцы Гразь не выклікаюць шкадавання, як і страта сяброў:

«Мы ж убухалі ўсё ў гэты дом, у вёску Гразь. Шкада, што людзі так дзіўна, не па-людску робяць. Яны кажуць, што вось, мы яго канфіскуем. (…) Няхай. Мы нічога не страцім. Гэта не страта. Гэта вызваленне. Гэтак жа, як і сябры вось гэтыя, якія адразу падціснулі хвасты. Гэта не страта».

Пугачова расказвае, што нядаўна паглядзела відэа дня нараджэння Максіма Галкіна пяцігадовай даўніны:

«Свет-свет народу. Мы з задавальненнем прымалі ўсіх, але я ўжо чалавек такі, не вельмі даверлівы. Я выдатна разумела, што людзі, якія атачаюць (нам таксама было з імі цікава і міла), гэта было, так бы мовіць, выгаднае знаёмства. Нас няма — яны знаходзяць іншае выгаднае знаёмства. Я ж даўно жыву. Разумееш, у мяне так было ўжо. Засталіся толькі самыя верныя сябры».

Ала Пугачова прызналася, што пасля ад'езду некалькі разоў таемна наведвала Расію і свой дом у вёсцы:

«Што я такога зрабіла, каб туды не вяртацца? Я і дадому ў вёску Гразь заязджала часта, каб парадак неяк там наводзіць. Ну, так заеду, праверу і паеду. Проста там мне рабіць няма чаго цяпер. Што мне туды ездзіць».

«У мяне ёсць свая дарога таемная», — даводзіць Пугачова.

Дом Алы Пугачовай і Максіма Галкіна ў вёсцы Гразь пад Масквой

Пазней яна прызнаецца, што, калі чуе слова «дом», то ўяўляе свой дом у вёсцы Гразь:

«У нас адзін дом. Вёска Гразь. Я ўвесь час чую пра гэты дом і ўсё такое. Мне не даюць як бы гэта ўсё забыць».

«Я наогул не загадваю наконт вяртання. Жывём далей. Я думаю, што вось дзеці калі-небудзь наведаюць дом. Зробяць там музей кахання. Фатаграфій шмат. Не бясплатны. Уваход будзе за невялікія грошы», — даводзіць жанчына.

Новыя песні пра вайну

Як прызнаецца спявачка, адзін раз яна парушыла таямніцу прыездаў у Расію, калі мінулым летам акрамя наведвання дома ў вёсцы Гразь заехала на студыю запісаць дзве новыя песні: «Пабачылі мяне, а так ніхто і не заўважаў», — прызнаецца Ала Барысаўна.

Па словах спявачкі, на студыі яна запісала дзве новыя песні — «Мама» і «Пацалункі вайны».

«У мяне гэтыя вершы «Мама» ні з таго ні з сяго ўзніклі. Ну, то-бок зразумелая справа, што вайна, і людзей шкада, і маці шкада, і сыноў шкада. Мне сама вось гэтая сітуацыя… Я заўсёды яе перажываю. Ад чыстага сэрца перажываю, што так нельга, нельга, нельга.

І вось я напісала вершы. І хацела іх напісаць вельмі прымітыўна. То-бок вось так, каб гэта як вось чалавек проста гаворыць. Ну, без усялякай там моцнай паэзіі.

І так выйшла, што я іх прачытала нашай памочніцы Аксане. І гляджу, так яе праняло, што і мяне праняло. (…) А калі Андрэй Місін прапанаваў напісаць музыку пад гэтую справу, ён геній. Там не столькі тэкст гэты, а якая музыка, якую музыку ён падклаў. Я сама кожны раз слухаю і раву. Кожны раз».

«Я павінна паспець усё сказаць дзецям, як трэба жыць»

Разважаючы пра мацярынства, Ала Пугачова адзначае, што досвед мацярынства ў 60 гадоў кардынальна адрозніваецца ад таго, што быў у 20. Галоўная розніца, як лічыць спявачка, у гадах і жыццёвым досведзе, якія дазваляюць цалкам прысвяціць сябе дзецям.

«Ты больш цэніш гэтыя моманты. Ты нікуды не спяшаешся. Ты ўсё зрабіў. Ты цалкам і поўнасцю можаш аддаць сябе дзецям», — тлумачыць яна.

Пугачова прызнаецца, што яе старэйшай дачцэ Крысціне было цяжэй, бо маці часта адсутнічала. Пры гэтым, па словах Пугачовай, яна мэтанакіравана рыхтавала дачку да самастойнага жыцця на выпадак, калі з самой спявачкай нешта здарыцца з-за пастаянных пералётаў.

Галоўны пасыл быў у тым, каб дачка не была траўмаваная і ведала, што «трэба працягваць жыць, рабіць, і ўсё».

«Інакш тады што? Я дарма цябе любіла, што ты ж такі слабы чалавек. Што я на нябёсах пасачу за гэтым і буду радавацца», — тлумачыць жанчына.

Такое светаўспрыманне, як распавяла Пугачова, сфармавалася ў яе яшчэ ў школе. Яна стала сведкай трагедыі, калі яе аднагодак ледзь не скончыў жыццё самагубствам пасля смерці маці, да якой быў моцна прывязаны. Юная Ала тады знайшла словы, каб пераканаць яго жыць далей. Яна казала, што мама ўсё бачыць з іншага свету і будзе моцна засмучаная яго слабасцю:

«Як ты можаш так падвесці маму? Яна ж усё роўна жывая. Іншае жыццё ў яе цяпер. Яна бачыць цябе. Ну, што ж ты яе так засмуціць павінен?». Пасля гэтых словаў, па ўспамінах спявачкі, хлопец як бы прасвятлеў.

Гэтую жыццёвую навуку Пугачова перанесла і на выхаванне дзяцей. Яна адкрыта размаўляе з імі на складаныя тэмы, у тым ліку пра жыццё і смерць, адчуваючы, што павінна падрыхтаваць іх да ўсяго.

«Я павінна паспець усё вам сказаць, як трэба жыць», —кажа яна, нават калі дзеці жартуюць, што яна «нудзіць». Па словах Пугачовай, такія шчырыя размовы не палохаюць, а наадварот, прыносяць ёй спакой і нават «падаўжаюць жыццё».

Каментары8

  • не боись, не талиб
    12.09.2025
    Она только в 2024 убедилась в чём-то там?
    Очень ценные рассуждения, ничего не скажешь. Насколько понтовый, настолько же жалкий лепет
  • она за
    12.09.2025
    она за деньги, полученные от тех, кто ее боготворил, построила замок в грязи
  • не боись, не талиб
    12.09.2025
    Впрочем, антивоенная позиция заслуживает уважения, каждый такой голос нужно приветствовать.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: без гальштука ў размовах з пасланнікамі Трампа, у гальштуку з расійскімі губернатарамі7

Лукашэнка: без гальштука ў размовах з пасланнікамі Трампа, у гальштуку з расійскімі губернатарамі

Усе навіны →
Усе навіны

ФБР апублікавала відэазапіс уцёкаў меркаванага забойцы Чарлі Кірка8

Былы палітвязень Павел Вінаградаў: Я малады, здаровы і поўны сіл, адзінае, што непакоіць — зубы і вочы5

«Разгледзець засаду». Веласіпедысты і кіроўцы пра патрабаванне спешвацца на пераходзе22

Так выглядае таймлайн Статкевіча, зафіксаваны камерай перахода Каменны Лог ВІДЭА3

Вызвалены журналіст Павел Мажэйка: Мы ўсе ў калоніі бачылі допіс Трампа4

«Запомні: 2027-мы» — Ала Пугачова прадказвае перамены8

«Праверылі пашпарты і не пусцілі». Што расказалі пасажыры аўтобуса, які не паспеў заехаць у Польшчу8

Трамп: Залёт расійскіх беспілотнікаў у Польшчу праз Беларусь мог быць памылкай17

Расія паставіць у Магілёве помнік арганізатару палітычных забойстваў 8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: без гальштука ў размовах з пасланнікамі Трампа, у гальштуку з расійскімі губернатарамі7

Лукашэнка: без гальштука ў размовах з пасланнікамі Трампа, у гальштуку з расійскімі губернатарамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць