БЕЛ Ł РУС

Падчас расійскай атакі дронамі на Польшчу жылы дом мог быць пашкоджаны абломкамі польскай ракеты

16.09.2025 / 16:23

Nashaniva.com

Польскае выданне Rzeczpospolita паведаміла, што ў выніку інцыдэнту 10 верасня ў вёсцы Вырыкі Люблінскага ваяводства ў жылы дом трапіў не расійскі дрон, як меркавалася раней, а абломкі польскай ракеты, выпушчанай са знішчальніка F-16.

Той самы пашкоджаны дом у Вырыках. Скрыншот відэа TVP Info

Паводле крыніц газеты ў структурах дзяржаўнай бяспекі, падчас масавых атак расійскіх беспілотнікаў па Украіне 10 верасня некалькі дронаў уварваліся ў паветраную прастору Польшчы. Польскія самалёты ўзляцелі для іх перахопу. Адна з ракет F-16 спрабавала збіць дрон, але адбылася тэхнічная няспраўнасць у сістэме навядзення, і ракета не паразіла цэль.

Крыніца адзначыла, што ракета не выбухнула дзякуючы ахоўным механізмам боепрыпасу. Яна пры гэтым падкрэсліла: «Быў расійскі авіяўдар, а польскі бок абараняўся».

Афіцыйна пракуратура назвала аб’ект «неідэнтыфікаваным», а Міністэрства абароны ад каментароў устрымліваецца.

У ноч на 10 верасня Польшча зафіксавала масавую атаку польскай тэрыторыі дронамі: спачатку паведамлялася пра 19 апаратаў, пазней у НАТА гаварылі ўжо пра 25 беспілотнікаў тыпу Shahed. Іх абломкі былі знойдзеныя ў розных частках краіны — пераважна каля мяжы з Беларуссю, але таксама пад Лоддзю і нават каля Гданьска. Частка дронаў трапіла на тэрыторыю вайсковых часцей.

Чытайце таксама:

Келаг: 19 дронаў у Польшчы не могуць быць выпадковасцю, Пуцін ссоўвае межы дазволенага

Польскае выданне назвала Церцеля архітэктарам спецаперацыі, якая разгортваецца паралельна з вучэннямі «Захад»

НАТА рыхтуе ваенны адказ на атаку расійскіх дронаў у Польшчы

Пяць расійскіх дронаў ляцелі прамым курсам на базу НАТА ў Польшчы

Ці павінна НАТА пасля дронавай атакі на Польшчу задзейнічаць 5-ты артыкул? Адназначна — не. Але рэагаваць мусіць рашуча

Каментары да артыкула