МЗС пагражае «мерамі, прадугледжанымі законам» польскім фурам, якія завіслі ў Беларусі
Міністэрства замежных спраў Беларусі назвала жэстам добрай волі рашэнне даць польскім фурам 10‑дзённую адтэрміноўку для бесперашкоднага выезду з Беларусі і выказала надзею, што Польшча адновіць прымежнае ўзаемадзеянне.
Фота ілюстрацыйнае
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што Польшча «кінула сваіх прадпрымальнікаў на волю лёсу», але Беларусь, у сваю чаргу, пайшла на «экстраардынарныя меры» і прапануе дыялог замест канфлікту.
Рыжанкоў падкрэсліў, што Беларусь нібыта дзейнічае выключна па гуманітарных меркаваннях і дае 1453 польскім грузавікам 10 дзён, каб пакінуць тэрыторыю краіны. Пераважная частка гэтых аўтамабіляў апынулася ў складанай сітуацыі з-за таго, што Польшча раптоўна закрыла мяжу.
Рыжанкоў таксама адзначыў, што Беларусь адмовілася ад жорсткага прымянення мытнага заканадаўства, што магло б прынесці фінансавую карысць і ў той жа час нанесці страты польскім перавозчыкам. Замест санкцый, маўляў, у Беларусі прапануюць «шанец» і дыялог, замест ціску — супрацоўніцтва.
У заяве МЗС падкрэсліваецца, што Беларусь чакае ад польскай улады «разумных і ўзважаных рашэнняў», якія дапамогуць аднавіць нармальную працу на мяжы. Адначасова Беларусь пакідае за сабой права ў поўным аб’ёме прымяніць усе меры, прадугледжаныя законамі, калі гэта будзе неабходна.
Чытайце таксама:
Пасля закрыцця Польшчай мяжы ў Беларусі засталіся амаль паўтары тысячы польскіх фураў
Лагістычныя кампаніі знайшлі альтэрнатыву закрытай мяжы паміж Польшчай і Беларуссю
«Думаў, мяжу закрыюць толькі на ўезд». Беларус расказаў, як вяртаўся на аўтамабілі з Еўрасаюза
Расійскі пасол: Польшча яшчэ будзе апраўдвацца за закрыццё мяжы