Краіны ЕС не здолелі дамовіцца пра выкарыстанне замарожаных рэзерваў Расіі для дапамогі Украіне
Некаторыя краіны Еўрасаюза хацелі б да канца года ўзгадніць выкарыстанне замарожаных расійскіх рэзерваў для фінансавай падтрымкі Украіны. Аднак Бельгія, якая на сустрэчы лідараў ЕС у сераду выставіла ўмовы аб падзеле рызык у межах прапанаванага Еўракамісіяй плану, перашкодзіла прыняццю агульнага рашэння. У выніку ЕС не змог узгадніць агульны падыход, таму Еўракамісія, хутчэй за ўсё, не паспее падаць афіцыйную прапанову ў запланаваныя тры тыдні, піша Financial Times са спасылкай на трох інфармаваных чыноўнікаў.
Прэм'ер-міністр Бельгіі Барт дэ Вевер. Фота: Florian Gaertner/Photothek via Getty Images
Паводле плана Еўракамісіі, прапануецца выкарыстоўваць каля 140 мільярдаў еўра без юрыдычнай канфіскацыі расійскіх сродкаў.
Бельгійскі прэм’ер Барт дэ Вевер назваў гэты план «вялікай авантурай», бо ён патрабуе абавязковага падзелу рызык паміж краінамі ЕС, а таксама надання працяглых гарантый на выпадак праблем. Францыя і Люксембург таксама звяртаюць увагу на юрыдычныя пытанні: нельга проста забраць сродкі, якія належаць іншай дзяржаве.
Паводле прапанаванага механізму, калі Расія не выплаціць рэпарацыі, Украіна не павінна будзе аддаваць гэты крэдыт. У выпадку неабходнасці вяртання сродкаў у справу ўступаюць гарантыі краін ЕС, якія будуць дадзеныя дэпазіторыю Euroclear, дзе зараз знаходзяцца расійскія рэзервы.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама выказаўся супраць канфіскацыі замарожаных актываў, падкрэсліўшы неабходнасць павагі да міжнароднага права. План Еўракамісіі прапануе замяніць сродкі на расійскім рахунку гарантыямі краін ЕС, тэхнічна не прадугледжваючы канфіскацыю.
Еўракамісія і краіны ЕС дамовіліся працягнуць працу над пытаннем, аднак узгадненне агульнага механізму па выпуску аблігацый можа быць заблакаванае Венгрыяй і Славакіяй.
Чытайце таксама:
Макрон выступіў супраць канфіскацыі расійскіх актываў у Еўропе
«Час перакрыць вентыль». ЕС паскарае адмову ад расійскага звадкаванага газу
ЗША прапанавалі краінам G7 пачаць канфіскацыю замарожаных рэзерваў Расіі