У Іўеўскім раёне фотапастка зафіксавала янота-паласкуна
У беларускую прыроду пасля больш як 35 гадоў вярнуўся янот-паласкун. Пра гэта паведаміў выданню «Смартпрэс» старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі Павел Велігураў.
Янот-паласкун. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
Паводле слоў навукоўца, сляды жывёліны знайшлі ў пойме ракі Бярэзіна на тэрыторыі Іўеўскага раёна, а фотапастка зафіксавала самога янота.
Янот, зафіксаваны фотапасткай у Іўеўскім раёне
Раней у гэтым самым рэгіёне на дарозе знайшлі збітага янота, што і выклікала цікавасць даследчыкаў. Як адзначае Павел Велігураў, гэтыя факты сведчаць пра тое, што ў Беларусі магла сфарміравацца папуляцыя гэтага віду. Цяпер спецыялісты плануюць назіранні, каб вызначыць колькасць, арэал і тэндэнцыі развіцця янотаў-паласкуноў.
Сляды янота-паласкуна
Паходжанне гэтых жывёл пакуль невядомае: яны маглі трапіць у прыроду як з прыватных вальераў, так і прыйсці з суседніх краін, дзе від ужо замацаваўся.
Вяртанне янота-паласкуна — не толькі цікавая навуковая падзея, але і экалагічная праблема. Гэты від можа шкодзіць мясцовым экасістэмам, выцясняючы карэнных жывёл. Таму, як адзначыў Павел Велігураў, трэба кантраляваць яго колькасць і не дапускаць шырокага распаўсюджвання.
У ХХ стагоддзі янотаў-паласкуноў завезлі ў Еўропу з Паўночнай Амерыкі дзеля пушнога промыслу. У Беларусі іх выпускалі ў прыроду ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, але апошнія назіранні ў дзікай прыродзе належаць яшчэ да 1980‑х гадоў. З таго часу від лічыўся зніклым з фаўны краіны.
Чытайце таксама:
Беларусі пагражае нашэсце янота-паласкуна
Пад Асіповічамі паляўнічы пераблытаў у цемры і выпадкова застрэліў барсука з Чырвонай кнігі
У кітайскіх рэстаранах замест бараніны і ялавічыны могуць падаваць мяса янотаў і ліс