На відэа пра магілёўскага маньяка сілавікі трымаюць яго на доўгіх рамянях. Што гэта і навошта?
Абвінавачанага ў серыі забойстваў дзяўчынак з Магілёва затрымалі на мінулым тыдні. 53‑гадовы Юрый Дзям’янаў хаваўся больш за 25 гадоў і, паводле заяў сілавікоў, здзяйсняў злачынствы на тэрыторыі адразу трох абласцей. На відэа следчага эксперыменту бачна, што затрыманы ў кайданках і звязаны рамянямі, доўгія канцы якіх трымаюць некалькі супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў. Што гэта і навошта, «Люстэрка» спытала ў Belpol.
Абвінавачаны ў серыі забойстваў дзяўчынак у 1990‑я Юрый Дзям’янаў падчас следчага эксперыменту. Магілёў, кастрычнік 2025 года. Скрыншот: відэа дзяржаўнага канала АНТ.
«Гэта проста новыя метады канваіравання чалавека, якога абвінавачваюць у асабліва цяжкіх злачынствах, — расказаў прадстаўнік Belpol Уладзімір Жыгар, які да 2020 года працаваў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС. — Раней выкарыстоўвалі ланцугі, цяпер — такое».
Жыгар адзначыў, што для канвою асоб, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы, звычайна прызначаюць трох чалавек — адпаведна з унутраным загадам.
«Гэта меры бяспекі як для канваіраванага, так і для тых, хто яго суправаджае, — тлумачыць ён. — А рамяні патрэбныя, каб абвінавачаны не нанёс сабе цялесных пашкоджанняў і не напаў на канваіраў. Трэба таксама ўлічваць, што следчыя дзеянні праходзяць на даху, а таму меры засцярогі ўзмацняюцца, бо чалавек можа паспрабаваць здзейсніць суіцыд».
У той жа час, як удакладняе Жыгар, нават у падобных выпадках рамяні або ланцугі выкарыстоўваюць не заўсёды. Напрыклад, у суд такіх абвінавачаных звычайна дастаўляюць толькі ў кайданках.
«Але тут сітуацыя рэзанансная», — адзначае былы сілавік і не выключае, што рамяні для Дзям’янава могуць выкарыстоўваць пастаянна.
Чытайце таксама:
Справа ліфцёра. Сталі вядомыя новыя падрабязнасці справы маньяка з Магілёва
Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?
У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат