Андрэя Пачобута зноў на паўгода кінулі ў ПКТ
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, палітзняволенага Андрэя Пачобута яшчэ 23 жніўня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу на шэсць месяцаў — да лютага 2026 года.
Анджэй Пачобут. Фота: press.pl
Дакладна не вядома, ці змясцілі журналіста ў адзіночную камеру.
У верасні з Пачобутам зноў на працяглы час перарывалася ліставанне. Праз гэта можна падазраваць, што ён быў у штрафным ізалятары, дзе вязням не дазваляюць нават лісты. Журналіст таксама не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач, а ў ПКТ агулам урэзанае харчаванне.
Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс пасля апошняй сустрэчы з Пачобутам у наваполацкай калоніі сёлета 23 верасня адзначала, што ён вельмі схуднеў і важыць 73 кілаграмы, што «крытычна мала». Спадарыня Борыс паведаміла пра агульнае пагаршэнне здароўя палітзняволенага журналіста — высокі артэрыяльны ціск, прыступы арытміі. Таксама ў гутарцы з польскім выданнем Rzeczpospolita яна расказала пра аперацыю па выдаленні язваў са скуры, якую нядаўна перанёс палітзняволены журналіст.
Крыніца БАЖ удакладніла, што Пачобуту выдалялі фурункулы. Дакладна невядома, рабілі гнойную аперацыю ў шпіталі ці ў медчастцы калоніі. Хутчэй за ўсё — у медчастцы, мяркуе крыніца.
Андрэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года. Суд над ім адбыўся ў Гродзенскім абласным судзе. 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык прысудзіў журналісту 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Практычна ўвесь час зняволення Пачобут праводзіць у камерным ізалятары або ў штрафным ізалятары ў поўнай ізаляцыі, без магчымасці кантактаваць з роднымі. 16 красавіка 2025 года журналіст адзначыў за кратамі свой 52‑гі дзень нараджэння.