У Расіі за апошнія два дні адбыліся два пажары на прадпрыемствах за Уралам
Днём 8 кастрычніка ў прамысловай зоне Новасібірска ўспыхнуў магутны пажар. Слуп дыму быў бачны з розных частак горада. Паводле інфармацыі МНС па Новасібірскай вобласці, агонь узнік у гандлёва-вытворчым складзе побач з Заводам прыпояў, які выпускае электроніку і мікрачыпы, што выкарыстоўваюцца ў вайсковай тэхніцы, піша The Moscow Times.
Фота з сацсетак
На месца аператыўна прыбылі пажарныя падраздзяленні — у тушэнні ўдзельнічалі больш за 70 чалавек і 23 адзінкі тэхнікі. Пажар быў лакалізаваны на плошчы каля 2 тысяч квадратных метраў, аднак часткова абваліліся канструкцыі будынка. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма. Прычыны ўзгарання пакуль не называюцца.
Як паведамляюць СМІ, па гэтым адрасе зарэгістраваны філіял кампаніі «Херманн Русія» — прадстаўніцтва нямецкай фірмы Hörmann, якая вырабляе сістэмы кантролю ўезду і прамысловую аўтаматыку.
Гэта ўжо другі выпадак узгарання прамысловага аб’екта за Уралам за два дні. Напярэдадні, 7 кастрычніка, пажар адбыўся ў Екацярынбургу каля Уральскага турбіннага завода. Тады гарэў будынак кампаніі «ХімКрыаМаш», якая вырабляе металічныя канструкцыі для будаўніцтва.
Плошча пажару склала каля 1000 квадратных метраў, пацярпелых таксама не было. На тушэнне прыцягнулі 26 адзінак тэхнікі і 76 ратавальнікаў. У самой жа турбіннай вытворчасці ўзгаранняў не зафіксавалі, і праца завода працягваецца ў звычайным рэжыме.
Чытайце таксама:
Праз атакі на расійскія НПЗ беларускі бензін вярнуўся на рынак РФ
У Краснадарскім краі дроны атакавалі буйное хімічнае прадпрыемства