«Бацька Юрыя Дзям'янава не верыць у датычнасць сына». З'явіліся новыя падрабязнасці справы маньяка-ліфцёра
На мінулым тыдні міліцыя аб'явіла пра затрыманне маньяка, якога шукалі 30 гадоў. Новыя падрабязнасці справы агучылі ў пятніцу ў сюжэце АНТ.
Сярод іх — успаміны пацярпелых, падрабязнасці аб расследаванні і генетычнай экспертызе, а таксама рэакцыя самога Юрыя і яго бацькі на затрыманне, піша Onliner.by.
Анатоль у 1990‑я страціў сваю адзіную дачку — Насцю, якой тады толькі споўнілася 12 гадоў. Вось як ён успамінае тыя падзеі:
— Уся школа яе хавала. Як толькі дачку пахавалі, на наступны дзень, 18 красавіка, жонка сабрала малодшае дзіця і павезла ў Мінск да сваіх бацькоў. Я заставацца адзін таксама не хацеў і паехаў да бацькоў у Віцебск. Так вось мы раз'ехаліся. Яна клікала мяне ў Мінск, але я сказаў: «Пакуль не знайду забойцу, нікуды не паеду». Усё жыццё змянілася.
Святлане з Віцебска ў 1999 годзе было 16 гадоў — ёй удалося выжыць пасля нападу. Яна ўспамінала, што ў той дзень выйшла з пад'езда сустракаць сяброўку. Той на вуліцы не аказалася, і дзяўчына вярнулася ў пад'езд. З ёй у ліфт зайшоў мужчына і там пачаў збіваць, далей біў яе на лесвічнай клетцы і спрабаваў задушыць. Святлана супраціўлялася, але выратавала яе тое, што ў пад'езд выйшаў сусед з аўчаркай. Ён спалохаў нападніка і паспрабаваў яго дагнаць. У сюжэце паведамляецца, што далей напады спыніліся, таму што гвалтаўнік спалохаўся выкрыцця.
Таксама паведамляецца, што ДНК-экспертызу яшчэ ў 1996 годзе замовілі ў Германіі.
— Яны правялі даследаванні і атрымалі змешаныя генатыпы па трох эпізодах. І з улікам генатыпаў пацярпелых быў сінтэзаваны генатып падазраванага. Але ў 1996 годзе ў нас яшчэ не было базы ДНК, — патлумачыла Вольга Драздоўская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз ДКСЭ.
Адзначаецца, што за ўвесь час расследавання праверылі каля 100 тысяч падазраваных.
На Юрыя Дзям'янава выйшлі ў канцы мінулага года, калі прааналізавалі яго лад жыцця, магчымасць перамяшчэння, падабенства па прыкметах на той час. Тады праверылі яго біялагічныя ўзоры і на наступны дзень пасля атрымання супадзення затрымалі.
— Ён быў вельмі здзіўлены, у ходзе допыту спрабаваў паказаць абурэнне, што затрыманне не абгрунтавана, ён ні пры чым. Пры гэтым следчыя заўважылі, што ён праяўляе цікаўнасць і спрабуе высветліць, якія доказы ёсць. Гэта дадало ўпэўненасці, што мы ідзем у верным кірунку, — распавёў Аляксандр Агафонаў, начальнік галоўнага следчага ўпраўлення СК.
Паводле яго слоў, бацька Юрыя Дзям'янава не верыць у дачыненне сына да гэтых злачынстваў:
— Ён да цяперашняга часу піша скаргі на супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Гэта пажылы чалавек, які не ў поўным аб'ёме разбіраецца, што такое генетычная экспертыза, якія яе вынікі, якая верагоднасць супадзення і што гэта адназначнае ўстанаўленне асобы, чые біялагічныя ўзоры знойдзены на месцы злачынства.
Аляксандр Агафонаў таксама адзначыў, што пасля прэс-канферэнцыі паступіла больш за 16 заяў, якія трэба праверыць. На дадзены момант Юрыю Дзям'янаву інкрымінуецца восем забойстваў, два замахі на забойства, спалучаныя са згвалтаваннем, чатыры напады.
Чытайце таксама:
Справа ліфцёра. Сталі вядомыя новыя падрабязнасці справы маньяка з Магілёва
Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?
У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат