БЕЛ Ł РУС

«Цяпер вы бачыце, да чаго прыводзяць такія памылкі». The Washington Post апублікавала вялікі матэрыял пра Ціханоўскіх

14.10.2025 / 17:48

Nashaniva.com

Уплывовае амерыканскае выданне напісала пра Святлану і Сяргея Ціханоўскіх — «пару, якая па волі лёсу стала ўплывовай». Прыводзім асноўнае.

Святлана і Сяргей Ціханоўскія. 27 чэрвеня 2025. Фота: Getty Images

Аўтар адзначае, што пасля пяці гадоў ізаляцыі Сяргей Ціханоўскі нечакана выйшаў на волю і вярнуўся ў зусім іншы свет. За гэты час яго жонка Святлана, былая хатняя гаспадыня, ператварылася ў лідарку апазіцыі, якая ўзначаліла з выгнання барацьбу супраць Лукашэнкі.

Сяргею даводзіцца нанава вучыцца быць мужам і бацькам, адначасова спрабуючы знайсці новую ролю ў палітычным руху, які ён сам натхніў, у той час як многія беларусы страцілі надзею на палітычныя змены ў краіне.

«Яна была хатняй гаспадыняй, а цяпер яна прэзідэнт», — сказаў ён у інтэрв'ю карэспандэнту газеты The Washington Post у Парыжы, успомніўшы свой шок, калі назіраў за сустрэчай Святланы з міністрамі замежных спраў ЕС гэтым летам:

«Дома яна па-ранейшаму мая любая жонка, але на працы — гэта кашмар, — дадаў ён з усмешкай. — Яна як бізнесвумэн. Я ніколі раней не бачыў яе з гэтага боку… Я зразумеў, што яна зусім іншы чалавек».

Святлана Ціханоўская так апісала свае пачуцці:

«Цяпер, калі Сяргей зноў побач са мной, я адчула адначасова і збянтэжанасць, і спакой. Але потым ты думаеш пра тое, колькі людзей усё яшчэ там [у турме] — мы не можам спыніцца, мы павінны працягваць працаваць».

Аўтар заўважае, што пакуль Ціханоўскія спрабуюць пераканаць ЗША і Еўрапейскі саюз працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і змагацца за выратаванне іншых палітвязняў, у сям'і застаецца мала часу на адпачынак і адаптацыю да новай рэальнасці. Святлана ўвесь час, да знямогі кружляе па свеце дзеля сустрэч і канферэнцый.

Сяргей Ціханоўскі падзяліўся сваімі перажываннямі наконт змены роляў у сям'і:

«Раней, калі я займаўся бізнесам, я прыходзіў дадому, і мяне чакала смачная вячэра з жонкай і дзецьмі. Уся іх увага была маёй. Цяпер усё быццам памянялася ролямі. Я ўвесь час кажу жонцы і дзецям, каб яны часцей мяне абдымалі, бо мне бракуе абдымкаў».

Пара, якая па волі лёсу стала ўплывовай

Далей аўтар артыкула тлумачыць амерыканскай аўдыторыі, як менавіта адбылася гэтая перамена і сям'я Ціханоўскіх ператварылася ў «пару, якая па волі лёсу стала ўплывовай» (accidental power couple).

The Washington Post коратка нагадвае чытачам гісторыю іх знаёмства, стварэнне Сяргеем папулярнага YouTube-канала «Краіна для жыцця» і яго рашэнне ісці ў палітыку ў 2020 годзе.

Выданне апісвае, як пасля адмовы ў рэгістрацыі Сяргею Святлана, жадаючы падтрымаць мужа, зрабіла нечаканы крок і сама падала дакументы ў ЦВК. Аўтар цытуе, як Сяргей тое патлумачыў:

«Дыктатар казаў, што жанчына не можа быць прэзідэнтам, таму яе спакойна зарэгістравалі. Ён быў упэўнены, што за яе ніхто не прагаласуе».

Аўтар нагадвае пра арышт Сяргея, беспрэцэдэнтныя мітынгі ў падтрымку Святланы, масавыя пратэсты і жорсткія рэпрэсіі Лукашэнкі пасля выбараў, якія блаславіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. У выніку Захад адказаў санкцыямі і міжнародная ізаляцыя Беларусі паглыбілася.

Плакат падчас мітынгаў 2020-га. Фота: Наша Ніва

Выданне прыводзіць словы Сяргея Ціханоўскага, у якіх ён аналізуе геапалітычныя наступствы тых падзей:

«У Украіны і Беларусі адзін вораг: пуцінская Расія, якая не дае незалежнасці і свабоды ні Украіне, ні Беларусі, лічачы іх сваёй сферай уплыву. У гэтым уся праблема. Калі б Пуціна стрымалі ў Мінску ў 2020 годзе, не было б вайны ва Украіне ў 2022-м. Але Еўропа прамаўчала, і ЗША таксама. І цяпер вы бачыце, да чаго прыводзяць такія памылкі».

Аўтар нагадвае пра арышт Сяргея Ціханоўскага ў маі 2020‑га і прысуджэнне васямнаццаці гадоў зняволення ў канцы 2021-га. Святлану ж на Захадзе прызнаюць сапраўднай пераможцай прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. Сама яна так разважае пра свой шлях:

«Я б не сказала, што я абрала гэты шлях, — гэты шлях абраў мяне. Калі само жыццё ставіць цябе ў сітуацыю, дзе ты мусіш нешта рабіць, ты альбо робіш, альбо не. Сяргей зрабіў. Я зрабіла, не разумеючы наступстваў… Людзі ў 2020 годзе таксама ішлі за сваім сэрцам».

Чужы ў сваім доме

Але вяртанне да сям'і пасля пяці гадоў расстання стала сапраўдным выпрабаваннем. Аўтар апісвае кранальны момант, калі Сяргей упершыню ўбачыў сваіх дзяцей: 10‑гадовая дачка спытала, хто ён.

The Washington Post звяртае ўвагу на тое, як моцна змяніўся Сяргей. Перад арыштам ён быў дужы, барадаты мужчына з вясёлай усмешкай, а з турмы выйшаў пастарэлым і схуднелым — за кратамі ён страціў амаль 60 кілаграмаў.

«Калі ён выйшаў з аўтобуса, я была ў шоку, — успамінае Святлана. — Калі б ён прайшоў міма мяне на вуліцы, я б яго не пазнала. Мяне перапаўняла шчасце, але адначасова і жах».

Аўтар адзначае, што Сяргей не стаў марнаваць час і адразу вярнуўся ў публічную прастору, плануючы развіваць свой YouTube-канал, які мае больш за 240 000 падпісчыкаў, і сустракацца з беларускай дыяспарай. Аднак гэтае вяртанне стварыла новыя выклікі для сям'і.

«Самым складаным было тое, што Сяргей адразу пайшоў у публічнасць, — кажа Святлана. — Але кантэкст змяніўся… і Сяргей зрабіў некалькі памылак. Нам давялося праводзіць нешта накшталт антыкрызіснай камунікацыі».

«Сяргей сказаў, што цяпер яны працуюць як асобныя структуры, і прызнае, што яму трэба шмат чаму навучыцца, перш чым ён зможа паўнавартасна вярнуцца ў якасці лідара апазіцыі, — піша аўтар і цытуе Ціханоўскага:

«Я яшчэ не знайшоў свайго месца… але ў нас адна мэта — свабодная, дэмакратычная Беларусь. Проста яны вырашаюць гэтую задачу больш дыпламатычнымі інструментамі… мой шлях крыху іншы».

Адным з найбольшых ўзрушэнняў пасля вызвалення, па словах Сяргея, стала ўсведамленне таго, наколькі стомленымі і зняверанымі сталі беларусы.

«Таго настрою, які быў у нас у 2020-м, — таго духоўна-эмацыйнага ўздыму — яго амаль не засталося», — кажа ён.

Святлана ж, у сваю чаргу, звяртаецца да беларусаў з іншым пасылам:

«Я кажу людзям: не трэба быць героямі цяпер, цяпер не час. Бо калі момант надыдзе, нам спатрэбіцца кожны з іх, кожны на кожным прадпрыемстве, у сістэме, у кожнай вёсцы. Нам спатрэбяцца людзі. Не спісвайце Беларусі з рахункаў».

Аўтар артыкула нагадвае чытачам пра нялюдскія ўмовы, якія давялося перажыць Сяргею і тысячам іншых палітвязняў, і пра пакутлівыя рашэнні, якія Святлане даводзілася прымаць самастойна: адправіць дзяцей у Літву, ратуючы ад дзіцячага дома, і выехаць у выгнанне.

«Я таксама прайшла вельмі доўгі і цяжкі шлях, — дзеліцца яна. — Мне давялося вучыцца ўсяму з нуля проста ў роспале барацьбы. Ніхто мяне да гэтага не рыхтаваў. Кожны дзень ты жывеш з велізарнай трывогай, з болем за мужа, за іншых людзей, за новыя рэпрэсіі».

Святлана Ціханоўская ў 2023 годзе з партрэтам мужа. Фота: Офіс Ціханоўскай

Выданне распавядае кранальную гісторыю пра тое, як Святлана, калі сувязь з мужам цалкам знікла, нарэшце расказала дзецям праўду:

«Я сказала ім: ваш тата ў турме, вакол яго голыя сцены, ён не бачыць сонца, не бачыць ніякіх колераў. Намалюйце тату прыгожы малюнак, каб ён мог успомніць, як выглядае чырвоны колер, як выглядае сонца. Я патлумачыла, што ён змагаўся за іх свабоду і будучыню, што ён — герой».

Цяпер, як піша The Washington Post, Сяргей спрабуе нагнаць страчаны час з дзецьмі, катаецца з імі на роварах і нанава спазнае іх.

«Я спрабую знайсці з імі супольную мову. Гэта такі доўгі, павольны працэс… паміж намі такая вялікая прорва, — кажа ён. — Усе дзеці палітвязняў траўмаваныя».

Чытайце таксама:

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам

«Я ледзь пазнала Сяргея». Ціханоўская расказала, як змяніўся муж за гады ў турме, і адказала крытыкам ягоных эмоцый

Ціханоўская: Сяргею трэба выбраць свой шлях: альбо ты ў медыя і гаворыш усё, што хочаш, альбо ты ў палітыцы

Каментары да артыкула