БЕЛ Ł РУС

Шрайбман з калегамі прапанавалі пакрокавы план дээскалацыі адносін Беларусі і ЕС

17.10.2025 / 17:21

Nashaniva.com

Што павінен зрабіць афіцыйны Мінск, а што — Брусель?

Аляксандр Лукашэнка. 29 красавіка 2025. Фота: Getty Images

Група вядомых беларускіх экспертаў — палітолаг Арцём Шрайбман, эканаміст Дзмітры Крук, былы дыпламат Андрэй Бушыла і юрыстка-праваабаронца Кацярына Дэйкала — распрацавала дэталёвую «Дарожную карту ўзаемных крокаў для абмежаванай дээскалацыі паміж Беларуссю і ЕС».

Дакумент прапануе механізм узаемных крокаў, дзе ў адказ на гуманітарныя і палітычныя саступкі з боку Мінска Брусель паступова прыпыняе санкцыі. Галоўная мэта — выйсці з тупіку, палегчыць гуманітарны крызіс і знізіць залежнасць Беларусі ад Расіі.

Аўтары адразу падкрэсліваюць: ніхто не павінен мець ілюзій. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а залежнасць ад Расіі расце. Аднак чаканне «ідэальных умоў» толькі пагаршае сітуацыю.

Таму ў дарожнай карты тры мэты:

1. Палегчыць крызіс у галіне правоў чалавека і гуманітарны крызіс у Беларусі (у першую чаргу, вырашыць праблему палітычных зняволеных).

2. Знізіць рызыкі для рэгіянальнай бяспекі, якія стварае Мінск (напрыклад, міграцыйны крызіс).

3. Паменшыць залежнасць Беларусі ад Масквы і захаваць шанцы на будучую еўрапеізацыю краіны.

Важны прынцып дакумента — зваротнасць. Усе паслабленні з боку ЕС, асабліва прыпыненне санкцый, могуць быць хутка адменены, калі беларускія ўлады вернуцца да ранейшай практыкі. Гэта так званы механізм «snapback», які страхуе Брусель ад падману.

Што павінен зрабіць Мінск, а што — Брусель

План пабудаваны на прынцыпе «крок за крок». Эксперты вылучаюць два асноўныя напрамкі, па якіх чакаюцца дзеянні ад беларускіх уладаў:

1. Выхад з гуманітарнага крызісу: спыненне грубых і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека, звязаных з выбарамі 2020 года і іх наступствамі, а затым — адмена рэпрэсіўнага заканадаўства.

2. Сфера мабільнасці і міграцыі: спыненне міграцыйнага крызісу на мяжы з ЕС і аднаўленне даверу ў сферы грамадзянскай авіяцыі.

У адказ Еўрасаюз можа прапанаваць шырокі «пакет стымулаў»: ад аднаўлення дыпламатычных кантактаў да паступовага прыпынення санкцый. 

Чацвёртая частка даследавання прапануе не строгі паэтапны план, а хутчэй гнуткі механізм узаемных дзеянняў. Аўтары падкрэсліваюць, што ініцыятыва павінна ісці ад ЕС, які прадстаўляе «Дарожную карту» Мінску, а далейшыя крокі Бруселя з'яўляюцца адказам на дзеянні беларускіх уладаў.

Логіка тут наступная. Крокі Мінска — гэта спіс, структураваны па прыярытэце: ад самых неадкладных гуманітарных дзеянняў да больш сістэмных зменаў. Крокі ЕС — гэта своеасаблівае «меню» магчымых адказаў, згрупаваных па сферах (дыпламатыя, мабільнасць, санкцыі), а не па важнасці.

Гэта азначае, што ЕС сам вырашае, якім будзе яго адказ у залежнасці ад значнасці крокаў, зробленых Мінскам. Калі Мінск робіць невялікі крок, адказ можа быць сімвалічным.

Калі крок значны (напрыклад, масавае вызваленне палітвязняў), ЕС можа задзейнічаць больш магутныя інструменты з «меню», такія як прыпыненне санкцый. Увесь кантроль над працэсам застаецца ў руках ЕС, і любыя паслабленні могуць быць хутка адменены.

Якія канкрэтна крокі чакаюцца ад Мінска

Дакумент прапануе прыярытызаваны спіс дзеянняў, якія чакаюцца ад беларускіх уладаў.

1. Гуманітарны крызіс: вызваленне і ўмовы ўтрымання (Першы, стартавы блок)

Гэта першы і самы тэрміновы пакет патрабаванняў, які з'яўляецца «ўваходным білетам» для пачатку дыялогу:

Адначасовае і безумоўнае вызваленне каля 200 чалавек, уключаных у так званы «гуманітарны спіс» (асобы з сур'ёзнымі захворваннямі, жанчыны з непаўналетнімі дзецьмі і іншыя ўразлівыя катэгорыі).

Забеспячэнне належнага доступу да медыцынскай дапамогі для ўсіх зняволеных, незалежна ад месца ўтрымання, уключаючы зняцце абмежаванняў на атрыманне пасылак з лекамі.

Спыненне рэжыму ізаляцыі (incommunicado) для палітвязняў, што азначае аднаўленне іх права на тэлефонныя званкі, спатканні, ліставанне і доступ адвакатаў.

Спыненне дыскрымінацыі, катаванняў і жорсткага абыходжання з палітвязнямі, уключаючы практыку змяшчэння ў штрафныя ізалятары, пераводы на больш строгі турэмны рэжым, абмежаванні на атрыманне прадуктаў і прадметаў першай неабходнасці.

2. Гуманітарны крызіс: практыкі, якія павінны быць спынены (неадкладна пасля пачатку перамоваў)

Спыненне практыкі прымусовай дэпартацыі (высылкі) асоб пасля іх вызвалення з турмаў і калоній. Гэта гарантуе, што вызваленне не будзе падменена выгнаннем.

3. Гуманітарны крызіс: вызваленне і ўмовы ўтрымання (другі, больш шырокі блок)

Гэты блок прапануе канкрэтныя механізмы для вызвалення астатніх зняволеных:

Вызваленне асоб, асуджаных за іх прафесійную дзейнасць: праваабаронцаў, прафсаюзных лідараў, прадстаўнікоў НДА, адвакатаў, журналістаў.

Вызваленне палітвязняў паводле артыкула 91 КК (замена пакарання на больш мяккае) пасля таго, як яны адбылі пэўную частку тэрміну (ад 1/3 да 2/3 у залежнасці ад цяжкасці злачынства).

Вызваленне асоб, якія падалі прашэнне аб памілаванні.

Прыпыненне папярэдніх расследаванняў і судоў па так званых «экстрэмісцкіх» справах, уключаючы адмену ўтрымання пад вартай для абвінавачаных і спыненне этапавання ўжо асуджаных у калоніі.

Вызваленне астатніх палітвязняў праз шырокі спектр існуючых юрыдычных механізмаў: умоўна-датэрміновае вызваленне, умоўная замена пакарання, зніжэнне тэрмінаў праз наглядны перагляд і памілаванні, нададзеныя без афіцыйнага прашэння ад асуджанага.

4. «Да моманту вызвалення» (паляпшэнне ўмоў для тых, хто застаецца ў зняволенні)

Гэтыя меры павінны быць прыняты паралельна працэсу вызваленняў:

Зняцце абмежаванняў на атрыманне грашовых пераводаў для асоб, пазначаных як «экстрэмісты» ці «тэрарысты».

Спыненне выкарыстання «жоўтых бірак», якія дыскрымінуюць палітвязняў.

Ануляванне раней накладзеных дысцыплінарных спагнанняў, якія пагаршаюць умовы і блакуюць магчымасць датэрміновага вызвалення.

Спыненне практыкі падаўжэння турэмных тэрмінаў па артыкуле 411 КК («непадпарадкаванне адміністрацыі»).

5. Гуманітарны крызіс: практыкі, якія павінны быць спынены (спыненне пераследу)

Спыненне ціску, празмернага кантролю і абмежаванняў у дачыненні да былых палітвязняў.

Спыненне адвольнага крымінальнага пераследу па ключавых «палітычных» артыкулах КК (123, 130, 130-1, 130-2, 293, 341-1, 342, 357, 361, 367, 368, 369-1, 369-2, 369-3, 370).

Спыненне адвольнага выкарыстання адміністрацыйных арыштаў па «народных» артыкулах КоАП (19.8, 19.10, 19.11, 24.15, 24.22, 24.23).

Асабліва падкрэсліваецца важнасць спынення неабгрунтаванага адміністрацыйнага пераследу за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

6. Сфера мабільнасці і міграцыі (міграцыйны крызіс і консульскія пытанні)

Спыненне сітуацый, якія ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе мігрантаў: забеспячэнне іх прытулкам, медыцынскай дапамогай і ўстрыманне ад гвалту.

Стварэнне і правядзенне рэгулярных сустрэч маніторынгавай групы для поўнага спынення міграцыйнага крызісу.

Зняцце абмежаванняў на колькасць консульскіх супрацоўнікаў у пасольствах краін ЕС у Беларусі.

7. Гуманітарны крызіс: практыкі, якія павінны быць спынены (іншыя формы ціску)

Спыненне ўзмоцненага і палітычна матываванага памежнага кантролю (допыты КДБ, праверкі тэлефонаў).

Спыненне дыскрымінацыйных звальненняў і адмоў у прыёме на працу.

Спыненне палітычна матываванага ціску і пераследу на працоўным месцы.

Спыненне дыскрымінацыйных практык у дачыненні да асоб, якія маюць замежны дазвол на жыхарства.

8. Заканадаўчыя змены і аднаўленне даверу

Гэта апошні, найбольш глыбокі блок, які патрабуе сістэмных рашэнняў:

Адмена рэпрэсіўнага заканадаўства: адмена ўказа № 278, які пазбавіў беларусаў замежжа магчымасці атрымліваць дакументы ў консульствах, а таксама палажэнняў крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства, уведзеных пасля 2020 года для адвольнага пераследу.

Аднаўленне даверу ў грамадзянскай авіяцыі: прыняцце мер, якія выключаюць палітычную эксплуатацыю авіяцыйных службаў, і забеспячэнне доступу для міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва.

Спыненне ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці і аднаўленне іх магчымасці легальна працаваць у Беларусі.

Адмена іншых рэпрэсіўных законаў: аб экстрэмізме, дыскрымінацыі ЛГБТК+, сувязях з замежнай дзяржавай, працоўных забаронах, правах нацменшасцяў, а таксама адмена Закона 2023 года «Аб канфіскацыі маёмасці».

Што прапануецца Еўрапейскаму саюзу рабіць у адказ

Дзеянні ЕС у дарожнай карце з'яўляюцца адказам на крокі Мінска і згрупаваныя па сектарах.

1. Дыпламатычныя і палітычныя дзеянні

Гэта набор інструментаў, накіраваны на паступовае аднаўленне кантактаў.

Запуск працэсу: прапанова Мінску прыняць візіт высокапастаўленага прадстаўніка ад ЕС, Германіі, Аўстрыі ці Ватыкана для сустрэчы з Лукашэнкам і перадачы «Дарожнай карты». Гэты крок з'яўляецца ключавым для пачатку дыялогу.

Кантакты на вышэйшым узроўні: арганізацыя візітаў у Мінск і тэлефонных размоў з Лукашэнкам.

Узровень міністраў замежных спраў: правядзенне мэтавых абменаў візітамі і тэлефонных размоў.

Выкарыстанне шматбаковых платформаў: арганізацыя кантактаў з кіраўніцтвам МЗС Беларусі на пляцоўках АБСЕ і ААН.

Аднаўленне кансультацый: аднаўленне міжміністэрскіх кансультацый на ўзроўні намеснікаў міністраў.

Экспертны дыялог: правядзенне публічнай экспертнай сустрэчы ў Мінску пад эгідай адной з краін ЕС з удзелам чыноўнікаў і аналітыкаў абодвух бакоў.

Паступовая акрэдытацыя паслоў: узаемнае вяртанне і акрэдытацыя паслоў ЕС у Мінску і Беларусі ў краінах ЕС.

Аднаўленне дыялогу з МФІ: паступовае аднаўленне тэхнічнага дыялогу паміж ЕС, Мінскам і міжнароднымі фінансавымі інстытутамі (МВФ, Сусветны банк, ЕБРР).

2. Дзеянні ў сферы мабільнасці і міграцыі

Гэтыя крокі накіраваны на палягчэнне перамяшчэння людзей і вырашэнне практычных пытанняў на мяжы:

Паслядоўнае адкрыццё заблакаваных памежных пераходаў для пасажырскага руху.

Аднаўленне пасажырскіх чыгуначных зносін паміж ЕС і Беларуссю.

Аптымізацыя мытнага кантролю на мяжы для паскарэння перасячэння.

Павелічэнне выдачы шматразовых віз тэрмінам на 2‑5 гадоў для грамадзян Беларусі.

Стварэнне працоўных кантактаў паміж памежнымі службамі Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі для барацьбы з кантрабандай.

Разблакіроўка пагадненняў паміж ЕС і Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

3. Спорт і персанальныя санкцыі

Пашырэнне доступу беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў і магчымасць правядзення такіх спаборніцтваў у Беларусі.

Прыпыненне забароны на ўезд у ЕС для міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова і былога прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза; дзеючага прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына; Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкаў, а таксама Ліліі Лукашэнкі (жонкі Віктара).

4. Сектаральнае ўзаемадзеянне

Уключэнне прадстаўнікоў беларускіх міністэрстваў (не сілавога блока), такіх як энергетыкі, транспарту, экалогіі, эканомікі, фінансаў, у шматбаковыя мерапрыемствы, арганізаваныя Еўракамісіяй або краінамі ЕС.

Аднаўленне двухбаковых сектаральных дыялогаў паміж профільнымі дырэктаратамі Еўракамісіі і беларускімі міністэрствамі.

Аднаўленне супрацоўніцтва паміж рэгіянальнымі ўладамі суседніх краін ЕС і Беларусі.

5. Пакрокавае аднаўленне авіязносін з Беларуссю

Прыпыненне санкцый у дачыненні да авіякампаніі «Белавія» і на выкарыстанне паветранай прасторы ЕС беларускімі авіяперавозчыкамі (санкцыі ўзроўню Tier 1).

Дазвол на выкананне да 10 рэйсаў «Белавія» ў ЕС на першым этапе.

Зняцце забароны ЕС на авіязносіны з Беларуссю.

Аднаўленне поўнага авіязлучэння паміж Беларуссю і ЕС да ўзроўню, які існаваў да інцыдэнту з самалётам Ryanair.

Што рабіць з санкцыямі

Аўтары прапануюць падзяліць санкцыі на пяць пакетаў у залежнасці ад іх значнасці.

У дакумеце падкрэсліваецца, што гаворка ідзе менавіта пра прыпыненне санкцый у адказ на крокі Мінска. Санкцыі не адмяняюцца назаўжды, што дазваляе ЕС хутка аднавіць іх дзеянне ў выпадку, калі Мінск адкаціцца назад.

Пакет 1 уключае зняцце забарон, якія маюць хутчэй сімвалічнае і сектаральнае значэнне. У прыватнасці, прапануецца прыпыніць забарону на продаж і пастаўку тавараў для тытунёвай прамысловасці, а таксама на ўдзел еўрапейскіх кампаній ва ўласнасці або крэдытаванні энергетычных прадпрыемстваў Беларусі. У фінансавай сферы адмяняецца забарона на прыняцце дэпазітаў звыш 100 000 еўра ад беларускіх рэзідэнтаў і на продаж у Беларусь наяўных банкнот еўра. Нарэшце, гэты пакет прадугледжвае прыпыненне замарозкі сродкаў ААТ «Авіякампанія «Белавія».

Пакет 2 уяўляе сабой больш сур'ёзны крок, які закранае доступ да заходніх тэхналогій і паслуг. Ён прадугледжвае зняцце забарон на продаж праграмнага забеспячэння, а таксама на прадстаўленне беларускаму ўраду цэлага комплексу паслуг: аўдытарскіх, кансалтынгавых і інжынірынгавых.

У фінансавым сектары прыпыняюцца абмежаванні на інвестыцыйныя паслугі для дзяржаўных каштоўных папер, на прадстаўленне новых крэдытаў і паслуг страхавання для дзяржсектара, а таксама здымаецца забарона на фінансаванне з боку Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.

Акрамя таго, гэты пакет уключае прыпыненне замарозкі актываў шэрагу буйных прадпрыемстваў, сярод якіх МАЗ, «Гродна Азот», «Белшына», «Цэнтркурорт» і іншыя. У якасці мэтавай меры прапануецца зняць забарону на выкарыстанне SWIFT для аднаго банка — «Дабрабыт».

Пакет 3 з'яўляецца самым магутным інструментам у рамках прапанаванай дээскалацыі. Яго прыпыненне закране ключавыя для беларускай эканомікі экспартныя галіны: здымаюцца забароны на аперацыі з калійнымі ўгнаеннямі, прадукцыяй дрэваапрацоўкі і гумовымі вырабамі.

Таксама адмяняецца забарона на продаж прадметаў раскошы і тэхналогій для нафтаперапрацоўкі. У фінансавай сферы гэты пакет прадугледжвае адмену забароны на аперацыі з рэзервамі Нацыянальнага банка Беларусі і на прадстаўленне дзяржаўнага фінансавання для гандлю і інвестыцый.

Таксама прыпыняецца забарона на выкарыстанне SWIFT для іншых вызначаных беларускіх банкаў і здымаецца забарона на аўтамабільныя грузаперавозкі. Нарэшце, прапануецца прыпыніць візавыя забароны для астатніх чыноўнікаў і некаторых бізнэсменаў, аднак аўтары асабліва падкрэсліваюць, што гэта выключэнне не распаўсюджваецца на суддзяў, сілавікоў і іншых асоб, датычных да рэпрэсій.

Зняцце астатніх двух пакетаў санкцый магчымае толькі пасля ўстойлівых і далёкасяжных унутраных рэформаў, такіх як шырокая палітычная амністыя, а таксама адназначнага разрыву саюзу з Расіяй у яе агрэсіі супраць Украіны.

Што гэта за санкцыі?

Пакет 4 закранае ваенна-прамысловы патэнцыял і асновы эканомікі. Яго зняцце азначала б адмену забароны на закупку з Беларусі тавараў з ваеннага спісу ЕС, на пастаўку ў Беларусь тавараў для прамысловай вытворчасці, тэлекамунікацыйнага абсталявання, машын, авіяцыйнай і касмічнай прадукцыі.

Таксама былі б размарожаны аперацыі з мінеральнымі прадуктамі, вырабамі з жалеза і сталі, золатам і дыяментамі.

Гэты пакет таксама прадугледжвае размарозку актываў усіх фізічных асоб-рэзідэнтаў Беларусі (за выключэннем суддзяў і сілавікоў) і 55 кампаній, за выключэннем тых, што прапанаваныя да зняцця на папярэдніх этапах.

Пакет 5 уключае санкцыі, якія наўпрост тычацца сілавога апарату і абароннага сектара. Яго зняцце азначала б адмену забароны на продаж у Беларусь абсталявання, якое можа быць выкарыстана для ўнутраных рэпрэсій, агнястрэльнай зброі, тавараў і тэхналогій марской навігацыі.

Самае галоўнае — пакет уключае размарозку актываў ключавых беларускіх абаронных і машынабудаўнічых прадпрыемстваў, такіх як «Белтэхэкспарт», «Агат», 140‑ы рамонтны завод, МЗКЦ і іншых.

Чытайце таксама:

«Я іх ні пра што не прасіў і тым больш — высылаць мяне з радзімы». Дэпартаваныя палітвязні рэзка адказалі Кавалеўскаму. Не абышлося без абразаў

Магчыма, выйдуць на свабоду палітвязні. Аднак глабальна Беларусь застанецца дыктатурай і пад расіянамі

Ніякага змякчэння санкцый, пакуль Беларусь рухаецца ў бок таталітарызму

Каментары да артыкула