Як беларусы адрэагавалі на тыднёвую забарону абортаў
Навіна аб тыднёвай забароне праводзіць планавыя аборты ў Беларусі выклікала абмеркаванні. Сабралі самыя залайканыя каментары, якія адлюстроўваюць грамадскую думку.
Ілюстрацыйнае фота
Відэа ў адным з каналаў у тыктоку з інфармацыяй аб тыднёвай забароне планавых абортаў сабрала за два дні больш за 450 тысяч праглядаў і звыш 500 каментарыяў, некаторыя з якіх знайшлі падтрымку ў тысяч карыстальнікаў.
Безумоўным лідарам стаў каментар, які набраў звыш 7700 лайкаў. Аўтар коратка і дакладна сфармуляваў галоўную прэтэнзію грамадства да падобных захадаў:
«Лічу, што не дзяржаве трэба вырашаць, нараджаць жанчыне ці не»
Адразу за ім ідзе меркаванне (звыш 5100 лайкаў), якое пераводзіць дыскусію з плоскасці правоў у плоскасць абавязкаў, але не жанчыны, а дзяржавы. Карыстальнік прапануе альтэрнатыўны шлях павышэння нараджальнасці:
«Лічу, што дзяржава павінна ўзяць на сябе фінансавую падтрымку ў дастатковым аб'ёме для нараджэння дзяцей».
Замыкае тройку лідараў каментар, які атрымаў звыш 3400 лайкаў. Аўтар ставіць пад сумнеў саму эфектыўнасць часовай забароны. На думку аўтара, рашэнне пра аборт — гэта ўзважаны крок, на які тыднёвая паўза наўрад ці паўплывае:
«Калі жанчына ідзе на такі крок, значыць, яна ўжо ўсё вырашыла, трызненне».
Ідэя пра тое, што канчатковы выбар павінен заставацца за жанчынай, прагучала яшчэ раз у лаканічным, але вельмі папулярным каментары (звыш 2900 лайкаў):
«Гэта вырашае толькі жанчына!»
Думка пра фінансавую адказнасць дзяржавы таксама знайшла свой працяг. Каментатар, якога падтрымалі звыш 1000 чалавек, з іроніяй прапануе пашырыць ініцыятыву:
«А дзяржава не хоча на тыдзень забяспечыць усіх дзяцей? Дапамагчы маці».
Карыстальнікі таксама звяртаць увагу на магчымыя негатыўныя наступствы такіх забарон. Аўтар каментара, які сабраў амаль 900 лайкаў, папярэджвае пра сацыяльныя рызыкі:
«Адчапіцеся ад жанчын. Потым здзіўляюцца, што здаюць сваіх дзяцей у дзіцячы дом ці, горш за тое, пазбаўляюцца іх».
Каб паказаць абсурднасць рашэння ўладаў, некаторыя звярнуліся да чорнага гумару і сарказму.
«Тыя самыя жанчыны, у якіх з-за гэтага тыдня прапушчаны тэрмін добраахвотнага перарывання, вельмі радыя», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Яго падтрымала амаль 640 чалавек.
Сярод менш залайканых, але папулярных каментароў, зноў гучыць тэма асабістай адказнасці і той цаны, якую плаціць жанчына. Вось меркаванне, якое падтрымалі амаль 300 чалавек:
«Чаму нехта вырашае, нараджаць жанчыне ці не? Яна загубіць сваё здароўе, нервы на гэтае дзіця і сваё жыццё. Не дзяржаве гадаваць дзяцей»
Некаторыя вывялі дыскусію за межы канкрэтнай забароны і закранулі пытанне прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў цэлым:
«Падняць заробкі ❌❌❌забарона на аборты✅✅✅».
І, нарэшце, апошні ў нашым аглядзе каментар (265 лайкаў), аўтар якога прапануе іншы шлях вырашэння дэмаграфічнай праблемы і адначасова папярэджвае пра небяспечныя наступствы абранага ўладамі курсу:
«Каб павысіць нараджальнасць, трэба павысіць узровень жыцця, заробкі і г.д., а не забараняць аборты, бо яны будуць, але толькі падпольна, што можа нашкодзіць і дзіцяці, і маці».
Каментаў з асуджэннем абортаў няшмат, але яны таксама ёсць. Некаторыя людзі цвёрда ўпэўненыя, што перарыванне цяжарнасці — злачынства:
«Аборт — гэта забойства, за гэта трэба даваць тэрмін па 139‑м артыкуле».
«Аборт калі зрабіла — у турму трэба такіх».
«Забойствы жанчынамі дзяцей павінны быць забароненыя».
Ёсць і людзі, якія лічаць ініцыятыву па ўвядзенні «тыдня без абортаў» добрай магчымасцю для жанчыны яшчэ раз абдумаць сваё рашэнне:
«Можа, рэальна нехта перадумае і потым будзе радая, што не зрабіла».
«Па сутнасці, правільна, і ўвогуле гэтак жа трэба самому рабіць перад рашэннем: тыдзень пачакаць і зразумець, ці трэба яно табе».
«Гэта нядрэнна, даць жанчыне час падумаць, шкада, не ва ўсіх ёсць такая магчымасць».
«Бязвыхадных сітуацый не бывае», нагадвае чалавек:
«Я супраць абортаў, Бог даў [дзетак], значыць, і на дзетак дасць. А калі не хоча жанчына дзіця, значыць, трэба засцерагацца, усё проста! Многія мараць пра дзетак, дый безвыходных сітуацый не бывае!»
Чытайце таксама:
Па ўсёй Беларусі на тыдзень спынілі правядзенне планавых абортаў
У Беларусі значна скарацілася колькасць абортаў
Другую бясплатную спробу ЭКА могуць пачаць у Беларусі з 2026 года
Бондарава хоча ўмяшацца і ў медыцыну — забараніць аборты і замарозку яйцаклетак