БЕЛ Ł РУС

Прэм'ер Літвы: Калі выпадкі з шарамі паўторацца — мы закрыем памежныя пункты з Беларуссю

22.10.2025 / 15:11

Nashaniva.com

Пасля паўтарэння сітуацыі з масавым запускам кантрабандных паветраных шароў з Беларусі ў Літву прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што ў выпадку паўтарэння такіх дзеянняў краіна поўнасцю закрые мяжу з суседняй Беларуссю, паведамляе LRT.

«Калі зноў адбудзецца масавае перасячэнне нашай мяжы такімі шарамі, мы адрэагуем неадкладна і закрыем мяжу з Беларуссю», — заявіла кіраўніца ўрада журналістам у сераду пасля пасяджэння Камісіі нацыянальнай бяспекі.

«Паслабленняў Беларусі ў гэтым пытанні не будзе», — дадала яна.

Паводле слоў Ругінене, першапачаткова рашэнне аб закрыцці мяжы на адныя суткі магла б прыняць Служба аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT), пасля чаго яна звярнулася б ва ўрад для працягнення гэтага рашэння.

«На гэта часу не пашкадуем. (…) Нашым суседзям пасылаецца выразны сігнал — мы не будзем спакойна глядзець на падобныя дзеянні», — сказала прэм’ер‑міністарка. Як паведамляла агенцтва BNS, у ноч з аўторка на сераду ў Літву заляцелі некалькі дзясяткаў кантрабандных паветраных шароў.

З‑за гэтага была парушаная праца Вільнюскага аэрапорта, што закранула каля 30 рэйсаў і больш за 4 тысячы пасажыраў, а таксама часова былі зачынены кантрольна-прапускныя пункты «Меднікі» і «Салечнікі» («Каменны Лог» і «Беняконі» з беларускага боку).

Паводле слоў прэм’ер‑міністаркі, плануюцца і іншыя меры: ўзмацненне адказнасці за кантрабандную дзейнасць, а таксама абмеркаванні з літоўскім бізнэсам тэхнічных спосабаў прадухілення трапляння такіх шароў у краіну.

«Да пятніцы міністр унутраных спраў абавязаўся прадставіць прапанову па тэхналагічных сродках, з дапамогай якіх можна будзе блакаваць SIM‑карты, усталяваныя разам з шарамі», — паведаміла Ругінене.

На наступным тыдні запланавана чарговае пасяджэнне Камісіі нацыянальнай бяспекі для ацэнкі ходу выканання гэтых мер.

Чытайце таксама:

З-за рэкорднай колькасці запушчаных з Беларусі метэазондаў Літва часова спыняла працу пераходаў на мяжы

У Літве дапускаюць магчымасць закрыць мяжу з Беларуссю на больш працяглы тэрмін

Літва адкрыла пункты пропуску на мяжы з Беларуссю

Уначы была паралізавана праца аэрапорта Вільні

Каментары да артыкула