У Літве дапускаюць магчымасць закрыць мяжу з Беларуссю на больш працяглы тэрмін
Сёння ў Вільні адбудзецца пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы, на якім будзе разгледжана, якія меры трэба прыняць у рэагаванні на пагрозу, якую ствараюць кантрабандныя шары з Беларусі.

У Літве дапускаюць магчымасць закрыць мяжу з Беларуссю на больш працяглы тэрмін. Пра гэта заявіў дарадца прэзідэнта Гітанаса Наўседы Дэйвідас Матулёніс, паведамляе LRT.
«У гэтым выпадку, лічу, што нашы службы павінны прымаць значна больш жорсткія меры ў размовах з уладамі Беларусі, каб належным чынам растлумачыць — што калі гэта паўторыцца, магчыма, мы зачынім мяжу ўвогуле на працяглы перыяд», — сказаў ён.
Па словах дарадцы Наўседы, у сераду адбудзецца пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы, на якім будзе разгледжана, якія меры трэба прыняць у рэагаванні на пагрозу, якую ствараюць кантрабандныя шары.
Паводле Д. Матулёніса, падзеі мінулай ночы таксама паказалі, што вельмі важна мець так званую сістэму выяўлення на мяжы — каб зонды былі бачныя загадзя. Тым не менш, па яго словах, пытанне збіцця даволі складанае, чым, напрыклад, у выпадку дронаў, таму патрэбныя і іншыя меры.
«Пытанне збіцця даволі тонкае. Лічу, што існуюць пэўныя іншыя меры, якія павінны прыняць нашы праваахоўныя органы і ў частцы ўмацавання крымінальнай адказнасці, і ў частцы хутчэйшага збору такіх шароў пасля іх падзення, што знізіць прывабнасць адпраўляць зонды ў Літву», — заявіў дарадца.
Сёння ўначы з-за метэазондаў быў на воcем гадзін закрыты аэрапорт Вільні, а рэйсы перанакіраваныя ў іншыя. Памежная служба Літвы ў адказ закрыла пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі».
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас у эфіры LRT Radijas заявіў, што гэта адна з самых інтэнсіўных акцый па дастаўцы кантрабандных цыгарэт з дапамогай паветраных шароў у Літву сёлета.
«Падавалася, што інтэнсіўнасць спынілася — і вось гэтай ноччу мы атрымалі, бадай, самую інтэнсіўную інвазію кантрабандных цыгарэт з дапамогай паветраных шарыкаў у нашую краіну сёлета. Гэта інтэнсіўнасць вымяраецца двума параметрамі: часавай воссю, на працягу якой запускаліся шарыкі ў нашую краіну, і колькасцю. Таму былі прыняты рашэнні паветранай навігацыі прыпыніць палёты, каб гарантаваць бяспеку грамадзянскай авіяцыі», — кажа В. Віткаўскас.
Паводле кіраўніка НЦКК, шарыкі з кантрабандай, што прыляцелі з Беларусі, былі знойдзены ўжо ў пяці рэгіёнах: у Лаздзейскім раёне, у Друскеніках, у раёнах Аран, Салечнікаў, у Вільні.
«Апошняя хваля была зафіксаваная непадалёк ад аэрапорта. Геаграфія вельмі шырокая, гэта сведчыць пра тое, што інтэнсіўнасць запуску шарыкаў была вельмі высокая. Хутчэй за ўсё, запуск адбываўся не з аднаго пункта, а была каардынаваная аперацыя», — кажа В. Віткаускас.
Прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (НЦКК) Дарус Бута паведаміў што адзін чалавек быў затрыманы, знойдзена восем шароў. «Пацярпелі каля 30 рэйсаў. З іх 14 рэйсаў, што ляцелі ў Вільню, былі накіраваныя ў іншыя аэрапорты. Найбольшая колькасць самалётаў прызямлілася ў аэрапорце Коўна — 10 рэйсаў былі скіраваныя туды. У аэрапорт Рыгі былі накіраваныя 2 рэйсы, па 1 — у Палангу і Варшаву. Таксама 10 рэйсаў былі скасаваныя, а адзін самалёт вярнуўся ў аэрапорт вылету», — адзначыў ён.
Ёсць 5 рэйсаў, якія затрымаліся з вылетам з аэрапорта Вільні.
«На дадзены момант частка пасажыраў рыхтуецца да пасадкі на рэйсы, час якіх наступіў пазней. У другой палове дня могуць назірацца асобныя затрымкі рэйсаў з-за парушэння графіку экіпажаў і самалётаў. Мы просім пасажыраў сачыць за інфармацыяй на сайце аэрапорта Вільні і заклікаем пасажыраў, чые рэйсы былі парушаныя або скасаваныя, звязвацца з авіякампаніямі для атрымання больш падрабязнай інфармацыі пра рэйсы», — кажа В. Рочэ.
Паводле яе, сітуацыя ў аэрапорце звычайная, магчыма, толькі людзей крыху больш. «Але ўжо пачалася пасадка на рэйсы, што затрымаліся. Зараз якраз чакаем першы рэйс пасля адкрыцця аэрапорта. Адзін рэйс перанесены на пазнейшы час вылету», — кажа прадстаўніца.
З-за кантрабандных шарыкаў таксама часова былі зачынены абодва памежныя пункты з Беларуссю. В. Віткаўскас падкрэслівае, што рашэнне прынята паводле пастановы Міністэрства ўнутраных спраў.
«Калі адбываецца аперацыя пошуку і яшчэ невядомы маштаб інцыдэнту, было прынята рашэнне з меркаванняў бяспекі таксама зачыніць памежныя пункты пропуску, каб забяспечыць поспех аперацыі па затрыманні кантрабандыстаў, якія арганізавалі гэтую атаку», — сказаў ён.
Каментары
Вунь літоўскі дзяяч Тамілінас нядаўна раскрыў сакрэт, што гэта не Літва корміць офіс Ціханоўскай, а офіс Ціханоўскай прыносіць грошы Літве.