У Салігорскім раёне людзі самі абсталявалі пляж на рацэ, але цяпер ён пад пагрозай
Некалькі гадоў таму жыхары вёскі Пагост у Салігорскім раёне ўладкавалі пляж на беразе ракі Случ: прыбралі тэрыторыю, прывезлі пясок, паставілі лаўкі і стол, рэгулярна даглядалі дарогу. Усё выглядала добра, пакуль пра гэта месца не даведаліся рыбакі, піша fishingby.com.
Фота: fishingby.com
Мясцовую дарогу цяпер разбілі, паўсюль з’явіліся кучы смецця, лаўкі і стол нехта спаліў. Пляж ператварыўся ў месца, дзе рыбакі спускаюць свае лодкі.
Размовы пра тое, што гэта зона адпачынку, а не спуск для лодак, звычайна заканчваюцца сваркамі і нецэнзурнымі словамі. Рыбакі ўпэўненыя, што маюць поўнае права карыстацца ракой, бо яна агульная, а пляж, маўляў, мясцовыя зрабілі па ўласным жаданні.
Фота: fishingby.com
Спробы мясцовых жыхароў абмежаваць заезд транспарту — напрыклад, паставіць слупкі — не далі выніку: іх ноччу проста выкопваюць і выносяць. Машыны цяпер ставяць ледзь не ў вадзе, абсыпаючы бераг і падкопваючы яго, каб было зручней спускаць лодкі.
Юрысты тлумачаць, што забараніць спуск лодак у гэтым месцы складана: паводле беларускага заканадаўства, амаль усе водныя аб’екты прызначаныя для агульнага карыстання.
Фота: fishingby.com
Абмежаваць гэта можна толькі рашэннем мясцовых уладаў, калі тэрыторыя афіцыйна прызнаная зонай адпачынку або пляжам з адпаведнымі правіламі. Калі ж пляж зроблены самастойна і юрыдычна не аформлены, то ніякіх законных падстаў для забароны рыбалоўства ці спуску лодак няма.
Чытайце таксама:
На пляжы ў Аўстраліі знайшлі бутэльку з лістамі салдат Першай сусветнай вайны
У Гомелі пенсіянер адганяў на пляжы камароў і трапіў пад суд
У Беларусі жывуць аднагодкі дыназаўраў. Жыхар Палесся расказаў і паказаў, як за імі назірае