Свет11

На пляжы ў Аўстраліі знайшлі бутэльку з лістамі салдат Першай сусветнай вайны

На ўзбярэжжы Заходняй Аўстраліі нядаўна было зроблена неверагоднае адкрыццё. Мясцовы жыхар Пітэр Браўн і яго дачка Фелісіці знайшлі бутэльку з лістамі салдат Першай сусветнай вайны, якая праляжала ў пяску больш за 100 гадоў, піша CNN.

Фота: CNN

9 кастрычніка сям’я падчас прыбірання пляжу Уортан каля горада Эсперанс заўважыла старую шкляную бутэльку Schweppes. Калі яе адкрылі, усярэдзіне аказаліся два лісты, напісаныя алоўкам у 1916 годзе двума аўстралійскімі салдатамі — 27‑гадовым Малькольмам Невілам і 37‑гадовым Уільямам Харлі.

Абодва пасланні былі датаваныя 15 жніўня 1916 года, праз тры дні пасля таго, як іх карабель HMAT A70 Ballarat выйшаў з порта Адэлаіда і накіраваўся да Францыі. Іх падраздзяленне павінна было ўзмацніць 48‑ы батальён аўстралійскай пяхоты, які ваяваў у Еўропе на Заходнім фронце.

Невіл у сваім лісце прасіў, каб, калі бутэльку знойдуць, яе пераслалі яго маці — Раберціне Невіл, якая жыла ў маленькім гарадку Вілкават. Ён пісаў:

«Мы цудоўна праводзім час, ежа добрая, хіба што адну страву мы пахавалі ў моры. Карабель гойдае і кідае па хвалях, але мы шчаслівыя, як Лары» [выраз «шчаслівы, як Лары» — старая аўстралійская прымаўка, якая азначае «вельмі шчаслівы». — Рэд.].

Гарлі, чыя маці ўжо памерла, дазволіў таму, хто знойдзе пасланне, пакінуць яго сабе.

«Няхай таму, хто знойдзе гэты ліст, будзе так жа добра, як і нам цяпер», — напісаў ён.

На сваіх лістах салдаты пазначылі месцазнаходжанне як «Дзесьці ў моры» і «Дзесьці ў заліве», маючы на ўвазе Вялікі Аўстралійскі заліў.

Пасля адпраўкі на вайну лёсы вайскоўцаў склаліся па-рознаму: Невіл загінуў у баі праз год, а Харлі быў двойчы паранены, вярнуўся дадому, але памёр у 1934 годзе ад раку, верагодна з-за ўздзеяння атрутнага газу на фронце.

Дэб Браўн, жонка Пітэра, мяркуе, што бутэлька ўсе гэтыя гады не плавала ў моры, а ляжала ў пяску, і толькі нядаўнія штармавыя хвалі вымылі яе на паверхню. Нягледзячы на ўзрост, папера захавалася вельмі добра, а напісанае лёгка чытаецца.

Дзякуючы гэтаму сям’я змагла знайсці сваякоў абодвух салдат.

Унучка Гарлі, Эн Тэрнер, прызналася, што была ўражаная:

«Гэта сапраўдны цуд — нібы наш дзед працягнуў руку праз час і нагадаў пра сябе».

А Гербі Невіл, праўнук Малькольма, адзначыў, што гэтая гісторыя аб’яднала ўсю сям’ю:

«Ён, здаецца, быў поўны радасці, калі ішоў на вайну. Вельмі сумна, што ўсё скончылася яго гібеллю. Але якім жа ён быў чалавекам!»

Каментары1

  • Woodoo Cult
    15.11.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага16

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага

Усе навіны →
Усе навіны

150 гадоў Яну Булгаку — майстру мастацкай фатаграфіі1

«Або на 15 гадоў, або трэба будзе дапамагчы краіне». Былы палітвязень заяўляе, што яго завербаваў КДБ і адправіў у Польшчу выконваць заданні21

Маскоўскае РУУС Мінска засталося без начальніка3

Вынеслі прысуд маці, якая забіла нованароджанага сына5

Пад Брэстам кітайцы будуюць цяпліцу, дзе за агуркамі і памідорамі будзе сачыць штучны інтэлект2

Больш за 200 кліентаў пацярпелі ад фірмы «Кухні Чэры», што рэкламаваў прапагандыст Тур з жонкаю3

49‑гадовага праграміста з Бабруйска асудзілі па палітычнай справе

Пісьменнік Джэфры Арчэр памёр за суткі да выхаду сваёй новай кнігі1

«Я — Джэйн Доу». Справа аб групавым згвалтаванні ў элітным універсітэце запусціла новы сусветны флэшмоб36

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага16

Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць