Кавярня «Маркс», з якой выгналі мастачку, выбачылася. Цяпер абаронцы кафэ пакрыўдзіліся і заклікаюць да яго кэнсэлінгу
У гісторыі з няўдалым майстар-класам адбыўся нечаканы паварот. Тыя, хто падтрымліваў у канфлікце кавярню, цяпер пішуць, што нагі іх там больш не будзе.
Нагадаем: гісторыя пачалася з таго, што мінчанка Таццяна Мулярчык падзялілася ў Threads сваім няўдалым паходам у модную кавярню «Маркс» на Залатой Горцы. Па словах жанчыны, яе папрасілі сысці праз тое, што яна проста малявала.
Але хутка ў каментарыях з'явілася сведка гэтай сітуацыі. Яна ўдакладніла, што насамрэч Таццяна была не адна, а ў кампаніі чалавек васьмі — і з боку выглядала, што мастачка ладзіць майстар-клас. Пры гэтым, яго ўдзельніцы мылі пэндзлікі ў шклянках кавярні.
Пад допісам мастачкі пачалася актыўная дыскусія — цяпер там больш за 1,1 тысячы каментароў. Большасць людзей стала на бок кавярні.
Адначасова скандал справакаваў цунамі з жартаў у сацыяльнай сетцы. Гараджане і брэнды пачалі прыдумляць, за што яшчэ можна было б пакрыўдзіцца на кафэ.
Вось, напрыклад, што апублікаваў беларускі брэнд адзення Fave: «Ну вось, прыехалі! Нам сёння забаранілі шыць адзенне. Карацей, раніцай сядзім усім калектывам у адной мінскай кавярні. Сабраліся паесці дэсертаў, выпіць кавы і заадно паміж справай сшыць пару худзі. Каб вы разумелі — вакол было занята ўсяго некалькі столікаў… Карацей, ставім мы на стол швейныя машынкі, пачынаем устаўляць катушкі з ніткамі… І тут падыходзіць адміністратар і кажа: «Я ведаю, што беларускія брэнды на самой справе ўсё ў Кітаі шыюць, а тут толькі біркі прышываюць. Так што не трэба вось гэтага ўсяго… Лякалы свае прыбярыце, і ўвогуле гэты столік забраніраваны». А самае дзіўнае — на ўваходзе не было ніякай інфармацыі, што са швейнай машынкай прыходзіць нельга…».
Цяпер у канфлікце адбыўся новы паварот.
Кавярня «Маркс» вырашыла ўсё ж папрасіць прабачэння: на старонцы кафэ ў Threads з’явіўся вялікі допіс. Галоўны сэнс яго зводзіцца да просьбы папярэджваць кафэ, калі наведвальнікі плануюць правесці там нешта больш, чым проста размову за кавай.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што супрацоўнік «Маркса» ў сітуацыі з мастачкай таксама не меў рацыі, бо па стандартах кавярні нельга праяўляць непрыязнасць да гасцей. З гэтай нагоды і прагучалі выбачэнні.
Здавалася б, у гісторыі можна паставіць кропку. Але ж не: знайшлося даволі шмат людзей, якія палічылі сябе пакрыўджанымі праз тое, што кавярня папрасіла прабачэння.
Допіс «Маркса» набраў ужо каля 300 каментарыяў — і цяпер тыя, хто падтрымліваў кавярню, пішуць, што больш ніколі туды не прыйдуць. Вось самы папулярны каментар, які лайкнула амаль 500 чалавек:
«Вас абараняў увесь мінскі трэдс, а вы ў момант усё абясцэнілі. Незразумела, для чаго такія прабачэнні. Да таго ж з боку супрацоўніка не было ніякага непрыязнага стаўлення да акварэльшчыц, як вы ўказалі ў сваім допісе. Чалавек выконваў сваю працу. Калі б мастачцы не спадабалася, што ёй за каву трэба плаціць, таксама б прасілі прабачэння?
Мабыць, дзякуй вашай кавярні. Але для мяне важна, у якіх умовах працуюць супрацоўнікі і як паводзіць сябе кіраўніцтва пасля такіх сітуацый».
Чытайце таксама:
«Я хачу пазбавіцца ўсіх кліентаў з ноўтбукамі!»: уладальнік сталічнай кавярні падзяліўся болем
Мінскае кафэ ўнесла дзяўчыну ў чорны спіс — прычына нестандартная