На імпартным алкаголі ў Беларусі з'явяцца новыя знакі
У Беларусі з’явіцца новы адмысловы знак на алкагольнай прадукцыі. Ён будзе абавязковы для імпартных напояў і пачне дзейнічаць з 1 красавіка 2026 года.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Наша Ніва
Паводле пастановы Савета Міністраў, гэты знак павінны будуць наносіць арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца захоўваннем або продажам замежнага спіртнога — як аптовым, так і рознічным шляхам, у тым ліку ў кавярнях і рэстаранах.
На маркіроўцы будзе намаляваны зубр, а таксама змешчаныя два радкі з інфармацыяй: нумар ліцэнзіі, змена, брыгада і дата вытворчасці. Памер знака — 6 на 15 міліметраў, а малюнак павінен быць выразным і добра чытацца. Наносіцца ён будзе з дапамогай спецыяльных кроплеструмянёвых апаратаў.
Акрамя таго, абноўленыя і акцызныя маркі для розных відаў алкаголю — цяпер для кожнага віду будуць свае ўласныя памеры, хоць знешні выгляд у цэлым застанецца ранейшым.
Пасля выкарыстання старых марак прадпрыемствы павінны будуць звярнуцца ў Міністэрства па падатках і зборах, каб атрымаць новыя.