Польшча да 2027 года падрыхтуе 400 тысяч рэзервістаў
Польшча абвясціла пра запуск найбуйнейшай у сваёй гісторыі праграмы вайсковай падрыхтоўкі пад назвай wGotowości («у Гатоўнасці»). Да 2027 года па ёй плануюць навучыць каля 400 тысяч добраахвотнікаў. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski, File
У праграме змогуць удзельнічаць усе ахвотныя — ад студэнтаў да пенсіянераў. Пілотны этап пачнецца ўжо ў лістападзе.
Трэніроўкі будуць праводзіцца ў падраздзяленнях Узброеных сіл і войскаў тэрытарыяльнай абароны. Жыхары змогуць выбраць курс на свой густ: базавую вайсковую падрыхтоўку, першую дапамогу, асновы выжывання або кіберабарону. Да канца 2025 года навучанне павінны прайсці каля 20 тысяч чалавек.
Студэнтам цывільных ВНУ, якія вырашаць уступіць у рэзерв, будуць выплачваць стыпендыю ў 1000 злотых (каля 250 даляраў) у месяц.
Уладзіслаў Касіняк-Камыш адзначыў, што свет цяпер перажывае «найбольш небяспечны час з канца Другой сусветнай вайны»: ідзе вайна ва Украіне, адбываюцца дыверсіі ў Балтыйскім моры, а таксама актыўна вядзецца барацьба ў кіберпрасторы. Таму ўрад апошнія паўгода працаваў над праектам усеагульнай вайсковай падрыхтоўкі, каб умацаваць устойлівасць грамадства і падрыхтаваць людзей да магчымых пагроз.
Польшча цяпер актыўна нарошчвае абарончую магутнасць: у 2026 годзе яна плануе выдаткаваць на абарону 4,8% ВУП (каля 200 мільярдаў злотых, ці $54,7 мільярда). Краіна ўжо мае трэцюю па колькасці армію ў альянсе (216 тысяч вайскоўцаў) і збіраецца павялічыць яе яшчэ амаль на траціну ў наступныя дзесяць гадоў.
Акрамя таго, Польшча стварае ўласную «сцяну супраць дронаў» для абароны ад расійскіх пагроз. Першыя сістэмы плануюць увесці ў эксплуатацыю праз тры месяцы, а цалкам праект завершыцца праз два гады.
Чытайце таксама:
Польшча хоча стварыць уласную сцяну дронаў
«Прыйдзем у кожную вёску!» Орбан абвясціў збор подпісаў супраць плана ЕС па абароне ад Расіі
Краіны Еўрасаюза не змаглі дамовіцца пра стварэнне «сцяны ад дронаў»
Кіраўніцтва ЕС прапануе чатыры праекты для ўмацавання абароназдольнасці блока