Вынеслі прысуд маладым мазырскім скінхэдам з «Духа Расіі»
У Гомелі вынеслі прысуд групе падлеткаў з Мазыра, якіх абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім. Усяго ў справе фігуравала восем чалавек, з якіх сем не дасягнулі на момант здзяйснення інкрымінаваных ім парушэнняў 18 гадоў, піша БелТА.
Па версіі следства, «падлеткі вялі прапаганду нацызму і датычныя да шэрагу нападаў на гараджан у Мазыры — па матывах нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і нянавісці». Яны здымалі свае дзеянні на фота і відэа, а затым публікавалі іх у інтэрнэце.
У сеціве, як сцвярджаецца, «былі створаныя дзясяткі тэлеграм-каналаў, груп і ботаў, праз якія папулярызавалі ідэі нацызму і рэабілітавалі нацысцкіх злачынцаў, распальвалі міжнацыянальную і сацыяльную варожасць, дыскрэдытавалі Беларусь, прапагандавалі тэрарызм».
Суд разглядаў справу на закрытым пасяджэнні. Усе абвінавачаныя прызнаныя вінаватымі, ім вынеслі прысуды ад 3 гадоў «хатняй хіміі» да 6 гадоў 9 месяцаў калоніі. Пяці фігурантам пакаранне зменшылі па амністыі, прымеркаванай да 80‑годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне.
Назва групоўкі ў матэрыяле дзяржаўных прапагандыстаў не называецца, але відавочна, што гаворка ідзе пра сябраў аб'яднанняў «Перт» і «Дух Русі», пра арышт якіх і завядзенне крымінальных спраў паведамлялася вясной гэтага года.