Лукашэнка даў указанні адносна дзеянняў на мяжы з Літвой. Якія — пакуль няясна
Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка прыняў даклад старшыні пагранкамітэта Канстанціна Моластава.
Скрыншот з відэа
Гэта адбылося ў выхадны, святочны ў Беларусі дзень 7 лістапада.
«Галоўная тэма — сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы. Аляксандр Лукашэнка даў указанні адносна дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой. У кантэксце абмеркавання, якое адбылося, у бліжэйшыя дні будзе выбудавана праца ўздоўж усёй беларуска-літоўскай мяжы», — заявілі ў ягонай прэс-службе.
Пакуль няясна, ці Мінск пойдзе на далейшую эскалацыю гібрыдных атак, якія прывялі да закрыцця мяжы Літвою, ці наадварот, дасць заднюю і ўказанне спыняць мігрантаў і запуск паветраных шароў у кірунку суседняй дзяржавы. З паведамлення зразумець гэта немагчыма.
Раней дыктатар Беларусі ўскладаў віну за кантрабанду і рух паветраных шароў на саміх літоўцоў.
«Наладзілі гэты бізнэс. Нашы на фабрыцы бяруць цыгарэты па выгаднай цане, прадаюць літоўцам. Трэба перакінуць праз плот. Маленькімі порцыямі перакідвалі на гэтых шарыках, — адзначыў Лукашэнка. — Там літоўцы прымалі шары і бралі гэтыя цыгарэты. Не ў Літве прадавалі. У Нідэрландах і Англіі. Кажуць, там самыя дарагія цыгарэты».
«Як я магу з іх спытаць, у чым тут віна Беларусі? Я не бачу, за што караць людзей. Яны хацелі зарабіць — яны зарабілі. Калі б яны ўкралі гэтыя цыгарэты… Не, яны заплацілі», — казаў Лукашэнка.
Урад Літвы 29 кастрычніка прыняў рашэнне на месяц зачыніць памежныя пераходы «Меднікі» (Каменны Лог) і «Салечнікі» (Беняконі) у адказ на шматлікія парушэнні паветранай прасторы краіны паветранымі шарамі ў кантрабандай. Гаворка пра кантрабанду цыгарэт, а тытунёвы бізнэс у Беларусі, аж да «Табакерак», кантралююць бізнэсоўцы, звязаныя з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі.