Блогер з Гродна, якога абвінавацілі ў махлярстве на грашах для хворага дзіцяці, у інстаграме пракаментаваў сваю справу
17‑гадовы гродзенскі блогер Міхаіл Драгун, якога разам з ягонай 37‑гадовай партнёркай Яўгеніяй Тарасенка затрымлівалі па абвінавачванні ў махлярстве на зборы сродкаў для цяжкахворага дзіцяці, вярнуўся ў сацсеткі і пракаментаваў абвінавачанні. Нядаўна пару выпусцілі з-пад варты дахаты.
У сторыс хлопец прапанаваў чытачам задаць яму пытанні. Але яго адказы былі расплывістымі.
На пытанне, ці маглі б падзеі развівацца інакш, калі б не іх «прыгожае жыццё», блогер адказаў: «Я думаю, што я заўсёды прыгожа жыў — і з інтэрактывамі [розыгрышамі прызоў], і да іх. Не верце таму, што пішуць навіны. Уключыце мозг».
У яго спыталі пра «адносіны з Жэняй». «Няма нічога. Сітуацыі расстаўляюць усё на свае месцы», — напісаў Драгун.
Наконт віны і знікнення Тарасенка з сацыяльных сетак, хлопец напісаў крыху больш:
«Таму што ў адзін дзень у абодвух канфіскавалі ўсё. Усё, што было нажыта да [скандалу], таксама канфіскавалі. У яе няма доступу выйсці ў свет (я думаю так). Я б сядзеў на [дупе] роўна і маўчаў, калі б быў вінаваты. Як вы маглі ўжо зразумець, сваёй віны я не бачу. Жэнінай тым больш. Яна пайшла чыста з-за мяне… Да ніхто наогул не вінаваты, няхай спачатку дакладныя лічбы даюць, а потым ужо абвяшчаюць махлярамі», — напісаў блогер.
Больш падрабязна сутнасць абвінавачанняў і сваёй нязгоды з імі Драгун не раскрыў.
У адказ на адно з пытанняў — «Чым магу вам дапамагчы?» — ён размясціў заклік аб дапамозе ў зборы грошай на лячэнне Вані Сцяцэнкі, у якога цяжкая генетычная хвароба — міядыстрафія Дзюшэна.
4 лістапада стала вядома, што блогераў затрымалі па падазрэнні ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Паводле звестак МУС, яны збіралі грошы, праводзячы розыгрышы прызоў з платным удзелам — за 10 рублёў. Блогеры заяўлялі, што амаль уся сума пойдзе на лячэнне дзіцяці. Але з сабраных 1,5 мільёна рублёў маме дзіцяці аддалі толькі каля 200 тысяч.
7 лістапада абодва блогеры былі адпушчаныя пад падпіску.
Чытайце таксама:
Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці
Блогераў, якія прагулялі мільён дабрачынных грошай, адпусцілі дахаты