БЕЛ Ł РУС

Франак Вячорка: «Лукашэнку амерыканцы патрэбныя нашмат больш, чым амерыканцам Лукашэнка»

11.11.2025 / 0:1

Nashaniva.com

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў «Радыё Свабода» прызначэнне Джона Коўла спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі.

Франак Вячорка. Фота: Vasily Krestyaninov SOPA Images LightRocket via Getty Images

«Безумоўна, мы вітаем прызначэнне Джона Коўла на гэтую пасаду і вітаем намаганні прэзідэнта Трампа ў вызваленні палітвязняў. Само гэтае прызначэнне сведчыць, што Беларусь застаецца ў фокусе Злучаных Штатаў, як і пытанне палітвязняў», — адзначыў Вячорка.

Ён дадаў, што прызначэнне спецпасланніка павінна зрабіць больш эфектыўным змаганне за вызваленне палітвязняў і камунікацыю ў беларускіх пытаннях у цэлым.

Паводле Вячоркі, Джон Коўл сфакусаваны на тым, «каб выцягваць людзей з турмаў, выцягваць закладнікаў».

«Ён блізкі да самога Дональда Трампа, і мы бачым, што ягоныя перамовы з Лукашэнкам ужо дасягнулі нейкага поспеху».

«Але наша задача — не толькі выцягнуць людзей з турмаў, але і спыніць рэпрэсіі. Іначай людзей будуць выпускаць невялікімі групамі, а потым будуць садзіць новых», — падкрэсліў Вячорка. І ў гэтай задачы ён бачыць важную ролю прынцыповай пазіцыі Еўрапейскага саюза.

«Нават калі Злучаныя Штаты будуць змякчаць некаторыя санкцыі, уведзеныя за парушэнне правоў чалавека, Еўрапейскі саюз павінен трымаць свае санкцыі», — кажа Вячорка. Бо «задача Лукашэнкі — дабіцца зняцця санкцый, не змяняючы сваёй палітыкі, не вызваліўшы ўсіх людзей, не спыніўшы рэпрэсій».

«Таму амерыканцаў мы просім браць на сябе гуманітарны трэк: вызваленне людзей, выцягваць з турмаў, захоўваць іх жыццё, а еўрапейцаў — трымаць санкцыі для больш сістэмных, доўгатэрміновых пераменаў у Беларусі», — патлумачыў дарадца Ціханоўскай.

Ён адзначыў, што «большасць еўрапейскіх санкцый былі ўведзеныя менавіта за вайну супраць Украіны і павінны быць знятыя тады, калі гэтая вайна будзе спыненая і калі будзе спынены ўдзел Лукашэнкі ў гэтай вайне».

Франак Вячорка сказаў, што неўзабаве чакаецца вызваленне новай групы палітвязняў. І офіс рыхтуецца іх прыняць, забяспечыць усім неабходным і паспрыяць у легалізацыі і рэабілітацыі ў Літве і Польшчы.

«Лукашэнка хоча вызваліць частку — мы хочам, каб выйшлі на свабоду ўсе і каб спыніліся рэпрэсіі», — адзначыў Вячорка.

«Амерыканскі бок не наіўны, яны выдатна разумеюць, што такое Лукашэнка, яны разумеюць, як цяжка з ім размаўляць. І тут вельмі важна быць прынцыповымі і настойлівымі, бо Лукашэнку амерыканцы патрэбныя нашмат больш, чым амерыканцам Лукашэнка», — падсумаваў ён.

Чытайце таксама:

Міністр замежных спраў Літвы абмеркаваў беларускае пытанне з Джонам Коўлам

Лукашэнка анансаваў перамовы з дэлегацыяй ЗША

Ціханоўская назвала прызначэнне Коўла «абнадзейваючым крокам»

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

«Я займаюся гэтым». Джон Коўл пра вызваленне Алеся Бяляцкага

Каментары да артыкула