БЕЛ Ł РУС

На Тайвані валанцёр музея знішчыў твор сучаснага мастацтва, працёршы люстэрка ад пылу

13.11.2025 / 0:8

Nashaniva.com

Інцыдэнт адбыўся ў Музеі мастацтваў у горадзе Цзілун, дзе была выстаўлена праца тайваньскага мастака Чэнь Сунчжы пад назвай «Інверсія сэнсу — 16». Гэта інсталяцыя ўяўляла сабой люстэрка, пакрытае шматгадовым пластом пылу, замацаванае на драўлянай дошцы, з плямай пасярэдзіне, якая сімвалізавала «культурную свядомасць сярэдняга класа».

Твор мастацтва да (злева) і пасля (справа) працы валанцёра 

Валанцёр падумаў, што люстэрка проста запэцканае, і вырашыў «прыбраць» яго — сцёр пыл туалетнай паперай. У выніку большая частка 40‑гадовага пыльнага пакрыцця была сцёртая, і толькі пасля гэтага супрацоўнікі музея заўважылі, што адбываецца, і паспрабавалі спыніць валанцёра.

Кіраўніцтва музея паведаміла мастаку, што працу, хутчэй за ўсё, нельга аднавіць. Цяпер установа выбачаецца перад аўтарам і разглядае магчымасць выплаты кампенсацыі.

Цікава, што некаторыя крытыкі сцвярджаюць: гэта «выпадковае ўмяшанне» цяпер само па сабе стала часткай твора і адлюстроўвае яго канцэптуальны характар.

Праца «Інверсія сэнсу — 16» уваходзіла ў экспазіцыю «Мы — гэта Я», якая аб’ядноўвала мастацкія аб’екты, зробленыя з будаўнічых матэрыялаў і побытавых рэчаў.

Гэта не першы падобны выпадак: летась механік у Нідэрландах таксама «прыбраў» арт-аб’ект, выкінуўшы дзве бляшанкі з-пад піва, якія былі часткай працы французскага мастака Аляксандра Лавэ «Усе шчаслівыя моманты разам».

Чытайце таксама:

У Нарвегіі з галерэі скралі скульптуру свінні за 15 тысяч даляраў

На аўкцыёне карціну Шагала прадалі за 3 мільёны даляраў

«Шэдэўры Малевіча» з-пад матраца пенсіянеркі. Кур'ёз у свеце мастацтва

Каментары да артыкула