БЕЛ Ł РУС

«Я гэтага не дарую». У палітвязня, вывезенага ў Літву, знайшлі гепатыт С — напэўна, заразілі за кратамі

21.11.2025 / 9:30

Вера Белацаркоўская

50‑гадовы Віталь Бандарук атрымаў пяць гадоў зняволення за палітыку і выйшаў на волю 11 верасня 2025-га, калі яго ў складзе групы палітвязняў вывезлі ў Вільню. Падчас медагляду ў Літве мужчыне паведамілі — з беларускай няволі ён прывёз няпростую хваробу.

Віталь Бандарук. Фота: gazetaby.com

Паводле слоў Бандарука, за кратамі яго заразілі гепатытам С. У мужчыны ёсць сур’ёзная падстава лічыць, што гэта адбылося менавіта падчас зняволення, бо незадоўга да арышту ён праходзіў медкамісію, каб пераздаць на пасведчанне кіроўцы.

І хаця ў Беларусі падчас такіх медкамісій рэдка правяраюць на гепатыт С, імаверна, Віталя сапраўды заразілі гэтай хваробай за кратамі. Гепатыт С перадаецца нават пры мінімальнай колькасці крыві, таму, каб спыніць хваробу, важна добра стэрылізаваць медычныя інструменты і выкарыстоўваць аднаразовыя шпрыцы.

Віталь падазрае, што ў яго выпадку гэтае правіла маглі парушыць. Такі спосаб перадачы — адзін з асноўных для гепатыту С:

«Калі выходзіш з ШІЗА ў шклоўскай калоніі, ты заўсёды хворы — у цябе раздзьмутыя суставы на каленях, прышчы па ўсім целе, яны моцна свярбяць, іншыя балячкі выскокваюць. Дык я ў такім выпадку звяртаўся да [турэмных] медыкаў, яны мне ставілі розныя кропельніцы і ўколы.

Я не заўсёды мог за гэтым прасачыць. Часам я бачыў, што дастаюць з упакоўкі аднаразовы шпрыц, а часам і не бачыў. Бываў у такім дрэнным стане, што ўсё роўна на шпрыцы, толькі б хоць нешта калолі. Яшчэ мяне там прышчапілі ад кавіду».

Магчыма, кажа Віталь, яго заразілі яшчэ да калоніі, але ўжо пасля арышту. У брэсцкім СІЗА мужчына перахварэў на пнеўманію і таксама атрымліваў уколы.

Яшчэ, разважае мужчына, ён мог атрымаць вірус на турэмным рэжыме — Віталь знаходзіўся ў магілёўскай турме са студзеня 2024‑га года. Там вязні мелі асабістыя станкі для галення, але захоўваліся яны ў адной сумцы з ячэйкамі для кожнага станка. Часам, кажа Бандарук, станкі клалі не ў тую ячэйку. Атрымліваецца, што любы вязень тэарэтычна мог пагаліцца станком чужога чалавека, у тым ліку і хворага на гепатыт С.

Сёння гэтая хвароба добра лечыцца, галоўнае — своечасова даведацца пра заражэнне.

Віталь абураны тым, што цяпер вымушаны мець справу з гепатытам С:

«Я што, павінен гэтаму рэжыму нешта дараваць? Я не хачу яму нічога дараваць. Я пайшоў туды нармальным чалавекам, а выйшаў хворы».

Чытайце таксама:

Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Каментары да артыкула