БЕЛ Ł РУС

Доктара сацыялагічных навук і супрацоўніцу Акадэміі навук асудзілі за «фінансаванне экстрэмізму»

18.11.2025 / 19:12

Nashaniva.com

Апошняя вядомая пасада Ірыны Андрас — вядучы навуковы супрацоўнік у Інстытуце эканомікі.

Ірына Андрас. Фота з яе сацсетак, апрацаванае ШІ для паляпшэння якасці

Ірыне Андрас 49 гадоў. Родам яна з Пінска, скончыла школу №12 у 1993‑м годзе. Яе профільная навуковая тэма — сацыялогія прадпрымальніцтва.

У 2003‑м абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сацыякультурныя фактары фарміравання прадпрымальніцтва ў эканоміцы Рэспублікі Беларусі». З 2003‑га па 2006‑ты была дацэнтам кафедры кіравання Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. Выкладала ў БДУ.

З 2010 па 2011 гады Андрас вяла аўтарскую рубрыку «Прадпрымальніцтва» ў дзяржаўнай газеце «Рэспубліка». Выступала на шматлікіх канферэнцыях, у тым ліку за мяжой. З'яўляецца членам Еўрапейскай сацыялагічнай асацыяцыі.

Ірына Андрас на канферэнцыі ў Кіеўскім палітэхнічным інстытуце імя Сікорскага ў 2018 годзе. Скрыншот з ютуба КПІ

Была дактарантам кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2021‑м годзе абараніла дысертацыю на тэму «Сацыяльна-эканамічная трансфармацыя прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і атрымала ступень доктара сацыялагічных навук.

Апошняе вядомае месца працы Андрас — вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра чалавечага развіцця Інстытута эканомікі Акадэміі навук. Яе публікацыі спыніліся пасля 2024 года — імаверна, ці напрыканцы 2024-га, ці на пачатку 2025‑га даследчыцу затрымалі і звольнілі з працы.

Ірыну Андрас асудзілі ў 2025‑м годзе па артыкуле 361‑2 КК — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Мяркуючы па тым, што яе судзілі па старой рэдакцыі закона, гэта быў невялікі данат у 2020‑м годзе.

Ірыне прысудзілі «хатнюю хімію».

Чытайце таксама:

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Што цяпер адбываецца з выклікамі ў КДБ за данаты і каго адразу арыштоўваюць нават без прапановы адкупіцца

«Марзалюк — гэта наш зубр». Як праўладны гісторык нечакана стаў трэндам для зумераў у тыктоку

Каментары да артыкула