БЕЛ Ł РУС

«Hermes такога не чакаў». Беларускі знаходзяць у «Галантэі» аналагі сумак люксавых брэндаў за смешныя грошы

19.11.2025 / 11:21

Арына Жураўская

Набыць беларускі Birkin можна ўсяго за 340 рублёў. Капейкі ў параўнанні з тым, што за арыгінал просяць ад 9 тысяч даляраў.

Злева сумка «Галантэі», справа — Birkin ад Hermes. Фота: koko_by / Telegram, hermes.com

У мінскай краме «Галантэя» пакупніцы звярнулі ўвагу на некалькі мадэляў сумачак.

Адна з іх вельмі падобная да сусветна знакамітай Birkin ад люксавага брэнда Hermes.

Дарэчы, арыгінальную сумку не вельмі проста набыць, нават калі ў цябе ёсць лішнія 9 тысяч даляраў (і гэта за самы танны з варыянтаў).

View this post on Instagram

A post shared by Nadzeya Lallemand (@ladywikipedia)

Бо, па-першае, Hermes робіць абмежаваную колькасць Birkin штогод — кожны экзэмпляр шыецца ўручную майстрам. Па-другое, у люксавых буціках гэтая сумка не стаіць проста на паліцы — яе могуць вынесці выключна для сталага пакупніка. А могуць і не вынесці, напрыклад, калі чалавек раней купляў Hermes у Італіі, а цяпер хоча ў Францыі.

Выбраць колер Birkin таксама немагчыма — трэба браць, што даюць. Менавіта праз такі штучна створаны ажыятаж гэтую мадэль называюць самай жаданай сумкай у свеце.

Кожны год Birkin становяцца толькі больш дарагімі — нехта нават разглядае гэтыя сумкі як варыянт для інвестыцый. Самая дарагая была прададзена на аўкцыёне за 8,6 мільёна еўра.

«Галантэя» на такую элітарнасць не прэтэндуе і гатовая прадаваць свае сумкі ўсім ахвотным у любым колеры. Цана — 339‑430 рублёў.

Злева сумка «Галантэі», справа — Birkin ад Hermes

Бізнэс-кансультантка і блогерка Надзея Лалеманд бюджэтны варыянт люксавай сумачкі ацаніла.

— Швы падкачалі дзе-нідзе знутры. Звонку ўсё ідэальна. Скуру яны выбралі вельмі выдатную.

Больш за тое: «Галантэя» зрабіла аналаг люксавай сумкі з замшы (такога варыянта Birkin у Hermes не існуе). Такі Надзея і набыла.

Раней іншая беларуская стылістка і фатографка Ірына Камыш распавяла ў Treads, што пабачыла ў «Галантэі» аналаг сумкі Le Teckel люксавага моднага дома Alaïa.

Назва сумкі ў перакладзе з французскай абазначае «такса». Гэта лагічна, бо падоўжаны корпус сапраўды яе нагадвае.

Злева сумка «Галантэі», справа — Le Teckel ад Alaïa

Ірына была вельмі здзіўлена тым фактам, што прадаўцы ў краме «Галантэі» не ведаюць пра люксавую «сястру» іх сумачкі.

У каментарыях шмат хто раскрытыкаваў ідэю купіць бюджэтны аналаг. Але Ірына з такім меркаваннем не пагадзілася:

— Радуйцеся, вы можаце купіць сабе сумку падобнага дызайну, якую клапатліва пашыла для вас «Галантэя» за 222 рублі замест 2600 даляраў. Рэпліка — гэта не падробка, гэта аналаг, адаптаваны дызайн і нічога дрэннага ў гэтым няма.

Чытайце таксама:

Фермер-хіпстар вырашыў прадаваць касцюмы з гербамі Беларусі і Расіі. Цэны касмічныя

Жонка і падчарка Аляксандра Глеба запусцілі ўласны брэнд жаночага адзення. Будуць канкураваць са сваячкай

Жанчына набыла спартыўны касцюм беларускага брэнду за 600 рублёў і ў шоку ад якасці

Нятаннае паліто беларускага брэнду сапсавалася за 20 хвілін праз вільготнасць на вуліцы

Каментары да артыкула