Стала вядома сутнасць справы Софтклуба
Калі дзяржава ўмешваецца ў камерцыйныя адносіны паміж прыватнымі кампаніямі, гэта часта значыць, што кагосьці з іх яна падазрае ў ухіленні ад падаткаў. Так атрымліваецца і са «справай Софтклуба», па якой праходзіць патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і менеджары некалькіх прыватных банкаў: іх падазраюць у выкарыстанні схем для мінімізацыі падаткаў.
Уладзімір Сіротка. Фота: БелТА
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад некалькіх суразмоўцаў у банкаўскіх колах, сэнс прэтэнзій следства да бенефецыяраў «Софтклуба» і менеджараў асобных прыватных банкаў у тым, што тыя нібыта арганізавалі паміж сабой камбінацыю па ашчаджэнні грошай, якія ў іншай сітуацыі меліся б быць выплачанымі ў бюджэт.
Сэнс схемы ў крэатыўным арбітражы падаткаў праз розныя, вельмі адрозныя паміж сабой механізмы яго налічэння ў фінансавых арганізацый і рэзідэнтаў ПВТ.
Так, для банкаў падатак на прыбытак складае 25%, а для рэзідэнтаў ПВТ у большасці выпадкаў (і выпадак «Софтклуба» якраз такі) — 0%.
«Следства мяркуе, што «Софтклуб» нібыта выстаўляў банкам завышаныя цэны на свае паслугі.
Банкі ўлічвалі гэтыя сумы ў бухгалтарскай справаздачнасці як свае выдаткі. Такім чынам заніжалася падатковая база — бо калі б падатак плаціў банк, то давялося б плаціць 25%. А калі «Софтклуб», то падатак па факце налічваўся нулявы.
«Што далей з гэтымі сродкамі рабілі змоўшчыкі — лёгка дадумаць», — сказаў «Нашай Ніве» інфармаваны суразмоўца.
Нагадаем, 23 кастрычніка 2025 года пачаліся затрыманні па справе Софтклуба — у сілавікоў узніклі прэтэнзіі да вядучага ІТ-правайдара банкаўскіх рашэнняў у Беларусі. У гэты дзень быў затрыманы генеральны дырэктар і стваральнік кампаніі Уладзімір Сіротка.
Чытайце: Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП
Праз тры дні, 26 кастрычніка, сілавікі прыйшлі да старшыні праўлення Цэптар Банка Аляксандра Ігнатава. Пазней стала вядома пра праблемы ў старшыні банка ВТБ Уладзіміра Ліхадзіеўскага, а таксама пра затрыманні менеджараў сярэдняй рукі ў Прыёрбанку.
Кіраўніцтва «Софтклуба» абвінавачваюць, як вядома «Нашай Ніве», ва ўхіленні ад падаткаў і дачы хабару.
Амаль адначасова з гэтым Польшча ўнесла ў нацыянальны санкцыйны спіс беларускую крыптабіржу Bynex, якая таксама, па сутнасці, належыць «Софтклубу», але не наўпрост, а менеджарам і супрацоўнікам «Софтклуба» як фізічным асобам.
Чытайце таксама: Уласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы: на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі
{DONATE_PAYPAL}