З пачатку поўнамаштабнай вайны Еўрасаюз заплаціў Расіі на 124 мільярды еўра больш, чым выдзеліў на падтрымку Украіны
Міністарка замежных спраў Швецыі Марыя Мальмер Стэнэргард паведаміла, што ад пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну краіны Еўрасаюза заплацілі Расіі за імпарт тавараў і энергарэсурсаў на 124 мільярды еўра больш, чым выдзелілі дапамогі Украіне, піша «Еўрапейская праўда».
Марыя Мальмер Стэнэргард. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert
Паводле слоў шведскай міністаркі, падтрымка Украіны з боку ЕС складае каля 187 мільярдаў еўра, у той час як імпарт расійскай нафты і газу дасягнуў 201 мільярда. Разам з іншымі таварамі агульны аб'ём імпарту з Расіі — 311 мільярдаў еўра. Гэта, на думку міністаркі, азначае «негатыўную падтрымку» Украіны на 124 мільярды. Яна назвала такую сітуацыю ганебнай і прадэманстравала журналістам графік.
Стэнэргард падкрэсліла, што без павелічэння дапамогі Украіне і ўзмацнення ціску на Расію не варта чакаць паўнавартасных мірных перамоваў. Яна таксама адзначыла, што добрым крокам было б выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў у інтарэсах Украіны.
Тым часам Расія ўжо рыхтуецца да магчымай канфіскацыі яе замарожаных актываў у Еўропе. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў ЕС пераадолець рознагалоссі наконт іх выкарыстання, падкрэсліваючы, што новае фінансаванне неабходнае для далейшага супрацьстаяння Маскве. Раней працэс тармазіла пазіцыя Бельгіі, на тэрыторыі якой знаходзіцца большая частка расійскіх актываў у ЕС.
У Бруселі адзначылі, што пытанне застаецца актуальным, а канчатковае рашэнне плануюць прыняць у снежні 2025 года.
Чытайце таксама:
ЗША патрабуюць поўнага выхаду Расіі з сербскай нафтавай кампаніі NIS
Большасць індыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў адмовілася ад новых закупак расійскай нафты
Саудаўская Аравія знізіла цэны на нафту для Індыі і Кітая, каб замяніць пастаўкі з Расіі