БЕЛ Ł РУС

У плане Трампа па Украіне з 28 пунктаў засталося 19

24.11.2025 / 18:26

Nashaniva.com

План ЗША па спыненні вайны паміж Расіяй і Украінай быў істотна скарочаны падчас перамоваў у Жэневе — замест 28 пунктаў у ім засталося 19, паведамляе Financial Times.

Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

Паводле інфармацыі выдання, некаторыя патрабаванні выдалілі або змянілі пасля таго, як Украіна і еўрапейскія краіны назвалі іх непрымальнымі.

Кіеў нагадаў пра свае «чырвоныя лініі» — ніякіх абмежаванняў для ўласнай арміі і ніякіх тэрытарыяльных саступак, у тым ліку адмовы ад Данбаса. Еўрапейскія саюзнікі падтрымалі гэтыя пазіцыі і адзначылі, што пытанні замарожаных расійскіх актываў і санкцый застаюцца ў кампетэнцыі ЕС.

Прадстаўнік Офіса прэзідэнта Украіны Аляксандр Беўз пацвердзіў, што першапачатковага 28‑пунктнага плана ўжо няма: частку пунктаў прыбралі, частку — перапрацавалі. Пры гэтым усе заўвагі Кіева былі ўлічаныя.

У Белым доме заявілі, што 23 лістапада ЗША і Украіна падрыхтавалі «абноўленую і ўдакладненую» версію плана, які павінен забяспечыць суверэнітэт Украіны і справядлівы ды трывалы мір.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа адзначыў «вялікі прагрэс», хоць дакумент яшчэ патрабуе дапрацоўкі. Канчатковую версію павінны зацвердзіць Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі, пасля чаго яна будзе перададзена Маскве.

Трамп у сваёй сетцы Truth Social напісаў, што, магчыма, «з’явіўся прасвет» у справе перамоваў, але заклікаў не радавацца датэрмінова. Раней ён патрабаваў, каб Украіна прыняла план да 27 лістапада, але пасля заявіў, што дакумент не з’яўляецца «фінальнай прапановай».

У Еўропе чакаюць працягу перамоваў на наступным тыдні пры ўдзеле Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, а таксама, магчыма, Польшчы, Фінляндыі і генсека НАТА Марка Рутэ. Некаторыя еўрапейскія дыпламаты прызнаюць, што рыхтуюцца і да сцэнарыя, калі Трамп можа цалкам адмовіцца ад падтрымкі Украіны.

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб пасля размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім назваў жэнеўскія перамовы «крокам наперад», але падкрэсліў, што шэраг важных пытанняў па-ранейшаму не вырашаны. Ён дадаў, што ўсе аспекты, якія тычаццца ЕС або НАТА, будуць абмяркоўвацца асобнымі фарматамі.

Адначасова прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія не атрымлівала ад ЗША афіцыйных паведамленняў пра гэтыя перамовы і сустрэчы прадстаўнікоў дзвюх краін на гэтым тыдні не плануюцца.

Чытайце таксама:

У Крамлі заявілі, што еўрапейскі мірны план ім не пасуе, а амерыканскі лепшы

Рубіа пакінуў Жэневу, заявіўшы пра значны прагрэс у перамовах з Украінай

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа: У амерыканскі мірны план унясуць змены

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст

28 пунктаў «мірнага плана» ЗША — поўны спіс

Крэмль: Сустрэча з амерыканцамі на гэтым тыдні не чакаецца

Каментары да артыкула