Аб'яднаны пераходны кабінет падтрымаў распрацоўку мірнага плана для Украіны і заклікаў не забывацца пра Беларусь
Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі выступіў з падтрымкай працэсу актывізацыі перамоў паміж Украінай, ЗША і Еўрапейскім саюзам па выпрацоўцы мірнага плана для Украіны і выдаў з гэтай нагоды адмысловую заяву.
Фота: Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі
Вітаючы намаганні ўсіх бакоў, АПКБ падкрэсліў
«важнасць адстойвання інтарэсаў Украіны, якая зазнала беспрэцэдэнтную агрэсію з боку Расіі пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі».
Таксама ён звярнуў увагу партнёраў у ЗША і Еўрапейскім саюзе на
«важнасць выпрацоўкі адзінай пазіцыі адносна будучыні Рэспублікі Беларусь, дзе галоўнымі ўмовамі павінны быць захаванне незалежнасці, суверэнітэту Беларусі і правядзенне дэмакратычных пераўтварэнняў».
У сувязі з гэтым АПКБ таксама звярнуўся да адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, да ўрадаў краін Еўрапейскага Саюза, а таксама Вялікабрытаніі з прапановай аб правядзенні палітычнай канферэнцыі, прысвечанай вырашэнню глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу і спрыянню пачатку нацыянальнага дыялогу ў Беларусі.
«Беларускае грамадства знаходзіцца пад беспрэцэдэнтнымі, самымі маштабнымі ў гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў Еўропы рэпрэсіямі, а таксама церпіць беспрэцэдэнтны інфармацыйны, ідэалагічны, ваенны і палітычны ўплыў Расійскай Федэрацыі», — адзначаецца ў заяве.
Пры гэтым, на думку прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл,
«зняцце санкцый з рэжыму Лукашэнкі павінна быць абумоўлена зменай унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі рэжыму, а таксама пачаткам поўнамаштабнага дыялогу з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі інстытутамі».
Чытайце таксама:
Ціханоўская чакае добрых навін пра палітвязняў у найбліжэйшыя тыдні
Кіраўніца місіі дэмсіл: За Украіну загінула каля ста беларускіх добраахвотнікаў
«Вільскі казаў мне: «Тое, што ты «певень», наносіць партыі страты» — экс-палітвязень Спарыш
Ціханоўскі прапанаваў радыкальна перагледзець стратэгію для Беларусі