Ціханоўскі прапанаваў радыкальна перагледзець стратэгію для Беларусі
У калонцы для The Washington Post Сяргей Ціханоўскі прапанаваў тры крокі для ператварэння Беларусі ў «новую Фінляндыю».

Ціханоўскі пачынае сваю калонку з успамінаў пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ у 2020‑м годзе. Ён прыводзіць словы Лукашэнкі, звернутыя да 12 арыштаваных палітычных апанентаў:
«Палітыка — брудная справа! Вы павінны былі быць гатовыя да ўсяго! Тут няма правілаў!!»
«Я адмовіўся паціснуць руку злодзею. Я адмовіўся прасіць аб памілаванні. За гэта я атрымаў амаль 20 гадоў», — згадвае Ціханоўскі.
Сваё вызваленне пасля амаль пяці гадоў у адзіночнай камеры ён звязвае з «неартадаксальнай дыпламатыяй» прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а менавіта з нечаканай сустрэчай яго спецпрадстаўніка генерала Кіта Келага з Лукашэнкам у Мінску.
«Гэта быў вынік, якога ніхто не чакаў, і ён нагадаў мне, што дыпламатыя, калі да яе падыходзіць творча, усё яшчэ можа змяніць жыццё», — даводзіць былы палітвязень.
Новы глабальны парадак
Паводле яго словаў, вярнуўшыся на волю, ён убачыў свет, у якім «стары глабальны парадак разбурыўся» і пачалася «Халодная вайна 2.0 з трыма асноўнымі тэатрамі ваенных дзеянняў: Еўропай, Блізкім Усходам і Інда-Ціхаакіянскім рэгіёнам».
Ён крытыкуе адміністрацыю Байдэна за нерашучую палітыку ў дачыненні вайны ва Украіне, адзначаючы, што дапамога паступала «занадта мала і занадта позна».
У выніку «атрымалася вайна на знясіленне, якую Украіна не можа выйграць на полі бою, але ўсё яшчэ можа выйграць дыпламатычным шляхам».
Палітык сцвярджае, што Еўропа павінна ўзяць на сябе больш адказнасці, але без лідарства ЗША яна не можа дзейнічаць рашуча. Ён таксама лічыць памылковымі спадзяванні аддзяліць Пуціна ад Сі Цзіньпіна, бо іх аб'ядноўвае агульнае супрацьстаянне заходняму парадку.
«Гэтак жа, як Лукашэнку нельга аддзяліць ад Пуціна, Пуціна нельга аддзяліць ад Сі», — даводзіць Ціханоўскі.
Пры гэтым ён высока ацэньвае дыпламатычны стыль Трампа, які, на яго думку, спалучае «прамыя кантакты, вывераны ціск і транзакцыйную дыпламатыю — тое, што патрабуе цяперашні момант». І пераходзіць да пытання Беларусі:
«І гэта падводзіць мяне да маёй роднай Беларусі — і да таго, чаму яна мае нашмат большае значэнне, чым большасць у Вашынгтоне гатовыя прызнаць».
Ціханоўскі лічыць, што ў 2020 годзе Захад упусціў магчымасць змяніць сітуацыю ў Беларусі. Калі б беларусаў тады падтрымалі, гэта магло б прадухіліць поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Замест гэтага Захад доўгі час разглядаў Беларусь як «шэры буфер» паміж Расіяй і НАТА.

Ціханоўскі называе наіўным пасыл «Ратуйце нас. Дапамажыце нам зрынуць дыктатара. Дазвольце нам уступіць у Еўрапейскі саюз і НАТА», які сыходзіў ад беларускай апазіцыі на працягу апошніх пяці гадоў.
«Суровая праўда ў тым, што Беларусь не ўступіць у НАТА ці ЕС у найбліжэйшы час. Рабіць выгляд, што гэта не так, — значыць толькі падаграваць параною Масквы і трымаць Беларусь у пастцы вечнай залежнасці».
Новая стратэгія
Замест гэтага Ціханоўскі прапануе новую стратэгію, якая складаецца з трох пунктаў.
1. Рэалістычныя мэты. Ён прапануе арыентавацца на гістарычны досвед Фінляндыі часоў Халоднай вайны, якая здолела захаваць свабоду і дасягнуць высокага ўзроўню жыцця, захоўваючы нейтралітэт.
«Яе нейтралітэт быў не саступкай, а стрымліваннем іншымі сродкамі».
Ціханоўскі ўпэўнены, што такі падыход адпавядае інтарэсам усіх бакоў:
«Нейтральная Беларусь — свабодная, суверэнная і пазаблокавая — магла б служыць інтарэсам усіх. Яна стала б буферам, не ператвараючыся ў пешку, стабілізуючым элементам, а не кропкай напружання».
2. Пераасэнсаванне апазіцыі. Яна павінна «навучыцца думаць катэгорыямі сілы, а не ахвярнасці».
«Лукашэнка не бессмяротны. Улада ў Беларусі зменіцца — магчыма, хутка, магчыма, нечакана. Калі гэта адбудзецца, кірунак гэтых змен будзе залежаць ад таго, хто будзе гатовы дзейнічаць першым. Мы павінны стварыць новы палітычны клас — эфектыўны, арыентаваны на будучыню і здольны вызначаць лёс краіны, калі надыдзе момант перамен».
3. Сапраўдныя саюзнікі. Захад, і ў першую чаргу ЗША, павінен усвядоміць уласную зацікаўленасць у тым, каб Беларусь стала «наступнай Фінляндыяй», і адыграць актыўную ролю ў дасягненні гэтага выніку.
Ціханоўскі прызнае, што перамовы з Лукашэнкам «непрыемныя, але часам неабходныя» як тактычны крок для вызвалення больш чым 1400 палітвязняў, але гэта не доўгатэрміновае рашэнне.
У канцы свайго артыкула Ціханоўскі заклікае ЗША быць гатовымі да моманту, калі «акно магчымасцяў зноў адкрыецца»:
«Калі гэта адбудзецца, ЗША павінны быць гатовыя ўзяць на сябе лідарства, скарыстацца шанцам ператварыць Беларусь з шэрага буфера ў стабілізуючы мост на мяжы Еўропы. Цана ваганняў будзе вымярацца не толькі стратай уплыву, але і далейшым разбурэннем парадку, які калісьці пабудавала Амерыка».
Каментары